Logo Polskiego Radia
Print

Расейскі бок згадзіўся замяніць рэактар у Астраўцы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 28.09.2016 16:01
Беларускі бок папрасіў замяніць корпус рэактара, які ўпаў падчас выпрабавальнай устаноўкі.
pixabay.com/CC0 Public Domain

Расейскі бок згадзіўся замяніць рэактар, толькі саступаючы ціску грамадзкай думкі ў Беларусі. Пытаньне з заменай корпуса для першага энэргаблёку Беларускай АЭС разьвяжацца ў рабочым парадку. Пра гэта заявіў генэральны дырэктар Расатама Сяргей Кірыенка. Ён сказаў, што беларускія калегі фактычна папрасілі замяніць корпус рэактара, які ўпаў падчас выпрабавальнай устаноўкі, і гэта будзе зроблена. Нягледзячы на гэты інцыдэнт, Кірыенка называе корпус абсалютна працаздольным і мяркуе, што ён можа быць выкарыстаны на іншых праектах.

Са слоў кіраўніка Расатама, устаноўка новага корпуса не дадасьць ніякіх выдаткаў, акрамя аплаты яго перавозкі.

Карпарацыя Расатом зьяўляецца падрадчыкам будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.

Сяргей Кірыенка таксама нагадаў, што Беларусь прыняла на сябе асноўны ўдар Чарнобыля, што можа ўплываць на грамадзкую думку наконт атамнай энэргетыкі. У сувязі з гэтым ён падкрэсьліў, што разумее занепакоенасьць не толькі тэхнічнымі рашэньнямі, але і грамадзкай прымальнасьцю праекта. «Таму мы цалкам дапускаем і з павагай ставімся да таго, што шэраг рашэньняў нашых беларускіх партнёраў можа тлумачыцца не тэхнічнымі патрабаваньнямі, а камфортам грамадзкай думкі. Мы будзем да гэтага ставіцца з вялікай павагай і разуменьнем», — дадаў кіраўнік «Расатама».

racyja.com/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт