Замежным турыстам дазволяць наведваць Беларусь бязь віз
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
26.09.2016 19:41
Турысты, якія прыбудуць праз аэрапорт «Менск», змогуць знаходзіцца ў Беларусі да пяці сутак без афармленьня візы.
Szczepan1990/Wikipedia/CC BY-SA 3.0
26 верасьня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску намесьнік міністра спорту й турызму Беларусі Міхаіл Кравец паведаміў, што візавы рэжым для грамадзян цэлага шэрагу дзяржаў будзе адменены ўжо ў гэтым годзе. Дакумэнт аб бязьвізавым уезьдзе ў Беларусь для грамадзян краін, бясьпечных у міграцыйным пляне, ужо гатовы. Яго могуць зацьвердзіць да канца 2016 года.
Згодна з гэтым дакумэнтам, замежныя турысты, якія прыбудуць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт «Менск», змогуць знаходзіцца ў Беларусі да пяці сутак без афармленьня візы. Гэтую ініцыятыву актыўна падтрымліваюць Міністэрства эканомікі, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства спорту й турызму.
«Ёсьць некаторыя сумневы з боку сілавых ведамстваў, што натуральна, бо гаворка ідзе пра бясьпеку краіны», – адзначыў Міхаіл Кравец і дадаў, што ў дадзены момант дакумэнт знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасьці.
Цяпер у Беларусі дзейнічае бязьвізавы рэжым для замежных грамадзян, якія наведваюць Белавескую пушчу й Аўгустоўскі канал. Таксама бязьвізавы рэжым працуе, у прыватнасьці, для грамадзян Ізраіля, Катара, ААЭ і Кітая.
тэлеграф/вс
здымак мае ілюстрацыйны характар