Беларусь і ЗША падпісалі міжурадавае пагадненьне 
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        22.09.2016 11:10
                    
                                 
                
                
                    Беларусь і ЗША не заключалі міжурадавых пагадненьняў на працягу апошніх 20 гадоў.
                
                
                    
                        
Foto: pixabay.com
                     
                
                
                
               
                
                          21 верасьня міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у Нью-Ёрку падпісаў Пагадненьне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Злучаных Штатаў Амэрыкі аб абароне й захаваньні некаторых культурных каштоўнасьцяў.
Ад імя ўраду Злучаных Штатаў Амэрыкі дакумэнт падпісаў старшыня Камісіі ЗША па ахове й захаваньні культурных каштоўнасьцяў Лэсьлі Ўайс.
Кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства ў сваім выступе падкрэсьліў, што падпісаная дамова стварае трывалую юрыдычную аснову для міжурадавага супрацоўніцтва Беларусі й ЗША ў галіне аховы й абароны культурных каштоўнасьцяў. Гэта абумоўлена тым, што многія славутыя амэрыканцы маюць беларускія карані й шмат якія беларусы пакінулі свой сьлед у амэрыканскай гісторыі, паведамляе прэсавая служба МЗС Беларусі.
Уладзімер Макей адзначыў, што пагадненьне сьведчыць пра паляпшэньне палітычных адносінаў паміж дзьвюма краінамі, прымаючы пад увагу, што Беларусь і ЗША не заключалі міжурадавых пагадненьняў на працягу апошніх двух дзесяцігодзьдзяў.
Камісія ЗША па ахове й захаваньні культурных каштоўнасьцяў зьяўляецца ўстановай ураду ЗША. Яна займаецца пошукам і падрыхтоўкай дакладаў аб пахаваньнях, манумэнтах і гістарычных будынках ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, зьвязаных са спадчынай грамадзян ЗША, а таксама ва ўзаемадзеяньні зь дзяржавамі гэтага рэгіёну аказвае садзейнічаньне па абароне й захаваньні гэтай уласнасьці.
Беларусь стала 25-й краінай, зь якой падпісанае Пагадненьне аб абароне й захаваньні некаторых культурных каштоўнасьцяў.
svaboda.org/аз