Logo Polskiego Radia
Print

Нацбанк: з абарачэньня выведзена каля 90% старых грошай

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 02.09.2016 17:33
Выведзеныя з абарачэньня грошы можна будзе абменьваць на працягу пяці гадоў.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

За два месяцы пасьля дэнамінацыі ў Беларусі з абарачэньня выведзена каля 90% старых банкнотаў, паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага банка.

„На гэты момант выведзена з абарачэньня каля 90% банкнотаў старога ўзору ад сумы наяўных грошай. Калі ж глядзець па колькасьці банкнотаў, то выведзена каля 50% старых грошай”, — патлумачылі ў Нацбанку.

Пры гэтым цяпер у абароце ў асноўным усё яшчэ прысутнічаюць банкноты старога ўзору дробных і сярэдніх наміналаў.

У галоўным банку краіны ўстрымліваюцца ад устанаўленьня строгіх тэрмінаў адносна поўнага вываду старых грошай з абарачэньня, нагадваючы, што так ці інакш абменьваць іх можна будзе на працягу пяці гадоў. Разам з тым цалкам вывесьці ўсе купюры наўрад ці атрымаецца — нейкая частка дробных грошай усё роўна застанецца на руках.

Да дэнамінацыі ў краіне хадзіла 600 млн купюр старога ўзору. Раней у Нацбанку меркавалі, што ўжо да кастрычніка грашовыя знакі старога ўзору практычна выйдуць з абарачэньня.

Нагадаем, 1 ліпеня ў Беларусі дэнамінаваная нацыянальная валюта. Маштаб памяншэньня склаў 10.000. Гэта трэцяя дэнамінацыя рубля ў найноўшай гісторыі краіны.

Адрозьненьне цяперашняй дэнамінацыі ў тым, што разам з купюрамі ў абарачэньне ўведзеныя манэты. Усяго ў абарачэньне выпушчаныя сем наміналаў банкнотаў — 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў, а таксама восем наміналаў манэт — 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, 1 і 2 рублі.

Новыя й старыя грашовыя знакі будуць знаходзіцца ў Беларусі ў другім паўгодзьдзі ў паралельным абарачэньні.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт