Logo Polskiego Radia
Print

БЧ набыла два новыя польскія цягнікі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 12.08.2016 15:16
Найбліжэйшым часам плянуецца пастаўка яшчэ двух дызэль-цягнікоў.
Дызэль-цягнік ДП3-003 (вытворчасьць польскай кампаніі PESA Bydgoszcz SA) БЧ на маршруце Менск-ВільняДызэль-цягнік ДП3-003 (вытворчасьць польскай кампаніі PESA Bydgoszcz SA) БЧ на маршруце Менск-Вільняcommons.wikimedia.org/Neu-Zwei/CC BY-SA 4.0

На Беларускую чыгунку прыбылі два новыя дызэль-цягнікі вытворчасьці польскай кампаніі PESA Bydgoszcz SA, паведаміла прэс-служба БЧ.

Дызэль-цягнікі набытыя ў межах рэалізацыі дзяржаўнай праграмы разьвіцьця транспартнага комплексу Беларусі на 2016–2020 гады, адзначылі ў прэс-службе. Найбліжэйшым часам плянуецца пастаўка яшчэ двух дызэль-цягнікоў. Пусканаладачныя работы на тэхніцы, што прыбыла, праводзяць у лякаматыўным дэпо «Менск». Рухомаму складу таксама трэба будзе прайсьці сэртыфікацыйныя выпрабаваньні й прыёмку дарожнай камісіяй, пасьля гэтага пачнецца падкантрольная эксплюатацыя.

Плянуецца, што дызэль-цягнікі будуць ажыцьцяўляць перавозкі пасажыраў міжрэгіянальных ліній бізнэс-кляса паміж абласнымі цэнтрамі. У трохвагонным дызэль-цягніку 152 стацыянарныя месцы для сядзеньня. Канструкцыйная хуткасьць руху – 140 км/г. Як адзначыла прэс-служба, новы рухомы склад адпавядае сучасным патрабаваньням бясьпекі руху й камфорту: прасторны салён, мяккія крэслы з індывідуальным рэгуляваньнем сьпінкі крэсла й падлакотнікаў, інфармацыйная сыстэма для пасажыраў, шматфункцыянальная зона для перавозкі пасажыраў з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі, зь дзіцячымі каляскамі, веласіпедамі й буйным багажом.

У кожным вагоне ўсталяваныя сыстэма кандыцыянаваньня паветра, прылада цеплавых завес уваходных дзьвярэй, якая перашкаджае паступленьню халоднага паветра звонку й выхаду цёплага паветра з салёнаў, паніжаная падлога (600 мм) і дзьверы, абсталяваныя высоўнымі прыступкамі. Для пасадкі й высадкі пасажыраў з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі прадугледжаныя адкідныя трапы. У цягніку ўстаноўленыя два прыбіральныя комплексы вакуўмнага тыпу, адзін зь якіх прыстасаваны для пасажыраў з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі.

Набыцьцё сучаснага маторвагоннага рухомага складу зьвязанае з рэалізацыяй новага фармату пасажырскіх перавозак. Ён прадугледжвае арганізацыю перавозак пасажыраў паміж абласнымі цэнтрамі камфартабэльнымі дызэль- і электрацягнікамі, што вызваляе з эксплюатацыі вагоны лякаматыўнай цягі са спальнымі месцамі. Пры гэтым акцэнт зроблены на перавозках у дзённы час, падкрэсьлілі ў БЧ.

радыё рацыя/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт