Работнікаў БелАЭС будуць ідэнтыфікаваць па сятчатцы вока й адбітках пальцаў
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
05.08.2016 16:21
Бясьпека Беларускай атамнай электрастанцыі ўключае некалькі ўзроўняў абароны.
Ілюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain CC0
У Астравецкім раёне (Гарадзенская вобласьць) набліжаецца да завяршэньня будаўніцтва ваеннага гарадка вайсковай часьці 7434, вайскоўцы якой будуць ахоўваць будучую АЭС. Ужо восеньню яны прыедуць у часьць, якая абсталяваная перадавым узбраеньнем і тэхнікай, паведамляе газэта «На стражи».
«Будоўля ідзе з 2010-га года. Гарадок вырас на месцы, дзе былі лясы й палі. Цяперашні выгляд ён набыў за апошні год», – распавёў камандзір часткі падпалкоўнік Віктар Жадобін. Ужо хутка вартавыя пачнуць ахову БелАЭС. Таксама будзе сфармаваны асобны ўзвод спэцыяльнага прызначэньня, які будзе кругласутачна дзяжурыць на кантрольна-прапускным пункце.
Бясьпека атамнай электрастанцыі ўключае некалькі ўзроўняў абароны. На адным зь іх вайскоўцы з дапамогай спэцыяльнага абсталяваньня будуць ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў станцыі, як мяркуецца, па сятчатцы вока й адбітках пальцаў, масе цела й камплекцыі. Таксама ў іх абавязкі будзе ўваходзіць праверка дакумэнтаў і спыненьне спроб пранесьці забароненыя прадметы.
Зараз працягваецца набор ваеннаслужачых па забесьпячэньню аховы АЭС, а таксама ў камэнданцкі й спэцназаўскі ўзводы. Іх выбіраюць сярод тых, хто праходзіць службу па кантракце. З-за асаблівасьцяў выкананьня задач па ахове АЭС штатныя воінскія званьні будуць на ступень вышэй у параўнаньні з аналягічнымі пасадамі ў іншых часьцях. Па больш высокаму разраду разьлічаць і грашовае забесьпячэньне ваеннаслужачых. Акрамя таго, усім будзе прадастаўлена службовае жыльлё.
здымак мае ілюстрацыйны характар
тэлеграф/вс