На доме, дзе жыў Барадулін, хочуць павесіць памятную шыльду
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
04.08.2016 15:33
Каб шыльда зьявілася, на сайце Тalaka.by зьбіраюць 8 тысяч рублёў.
Рыгор БарадулінФота: labadzenka.by
Вялікая бронзавая шыльда можа зьявіцца на доме на вуліцы Мележа, 4 у Менску. Там апошнія 34 гады жыў Рыгор Барадулін. Каб шыльда зьявілася, на сайце Тalaka.by зьбіраюць 8 тысяч рублёў.
Ініцыятыву павесіць шыльду праявіў журналіст Глеб Лабадзенка. Па яго словах, гэта ня будзе прымеркавана да нейкай гадавіны. „Гэта тая праца, якую трэба рабіць бязь нейкіх датаў, бязь нейкіх нагодаў”, — сказаў Лабадзенка Свабодзе.
Аўтарам мэмарыяльнай шыльды мае стаць Ігар Засімовіч. Ён рабіў крыж на магіле Барадуліна, помнік-меч у памяць паўстанцаў 1863 году на Астравеччыне.
„Скульптар быў на месцы, і мы абмяркоўвалі будучую шыльду, — кажа Лабадзенка. — Самае важнае, што Валянціна Міхайлаўна, жонка Барадуліна, таксама ня супраць, каб ён гэта рабіў. Ёй вельмі спадабалася, як атрымалася магіла Рыгора Барадуліна”.
Шыльда будзе мець памеры каля 1×1 м і важыць каля 100 кг. Большая частка кошту пойдзе на бронзу — яна дарагая, 25 даляраў за 1 кг. Ужо на гэтым тыдні скульптар прадставіць некалькі макетаў шыльды ў Беларускі саюз мастакоў і Валянціне Барадулінай. Як толькі зьбяруць грошы, пачнецца праца над скульптурай.
svaboda.org/аз