Logo Polskiego Radia
Print

У жніўні Беларусі трэба будзе сплаціць каля 1 млрд даляраў доўгу

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 31.07.2016 14:52
Дзярждоўг за паўгодзьдзе вырас на 9,3%: Беларусь працягвае пазычаць, каб аддаваць.
www.pixabay.com

Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 ліпеня склаў 359,1 трлн і павялічыўся з пачатку года на 9,3%, або на 30,6 трлн рублёў (без уліку дэнамінацыі), паведаміла прэс-служба Мінфіна.
Пры гэтым зьнешні дзярждоўг вырас з улікам курсавых розьніц на 637,1 млн даляраў, да 13,1 млрд даляраў.

У студзені-чэрвені Мінфін прыцягнуў зьнешнія дзяржзаймы на суму 943,8 млн даляраў (500 млн – крэдыт Эўразійскага фонду стабілізацыі й разьвіцьця, 239,2 млн – крэдыты ўрада й банкаў Расеі, 162,6 млн – кітайскія крэдыты, 41,6 млн – МБРР, 0,4 млн – ЭБРР).

Пры гэтым ужо ў ліпені Беларусь атрымала другі транш ад Эўразійскага фонду стабілізацыі й разьвіцьця яшчэ 200 млн даляраў, што павінна спрасьціць праходжаньне чарговага піку выплат па даўгах ў жніўні пасьля некалькіх месяцаў зацішша.

У апошні месяц лета, паводле дадзеных Нацбанка, трэба будзе сплаціць каля 1 млрд даляраў.

На пагашэньне зьнешняга дзярждоўгу з пачатку 2016 года пайшло 415,3 млн даляраў (176,6 млн – ЭФСР, 150 млн даляраў – ураду Расеі, 67,6 млн – банкам Кітая, 20,4 млн – МБРР, 0,7 млн даляраў – ЗША).

Унутраны дзярждоўг па стане на 1 ліпеня склаў 96,7 трлн і зьменшыўся з пачатку года на 0,7 трлн рублёў (з улікам курсавых розьніц), або на 0,7%.

За студзень-чэрвень 2016 года разьмешчана ўнутраных валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізычных асоб на суму 663,9 мільёна даляраў і 4,907 трыльёна рублёў, кампэнсавана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для фізычных і юрыдычных асоб на суму 1,055 млрд даляраў і 4,733 трыльёна рублёў.

Як раней паведамлялася, дзяржаўны доўг Беларусі за 2015 год вырас на 66,4% – да 328,6 трлн на 1 студзеня. Пры гэтым зьнешні дзярждоўг зьменшыўся за год на 1,1%, унутраны – вырас у 2 разы, да 97,4 трлн.


tut.by/nn.by/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт