Нацбанк: з абароту выведзена 40-45% «старых» грошай
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
15.07.2016 09:22
Грашыма старога ўзору можна разьлічвацца да 31 сьнежня 2016 года.
screen/radyjo.net
За першыя два тыдні з пачатку дэнамінацыі з абароту выведзена 40-45% купюр старога ўзору. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўленьня наяўнага грашовага абароту Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Гайко.
«За 14 дзён ліпеня каля 40-45% намінальнага шэрагу 2000 года выведзена з абарачэньня», – паведаміў ён.
Прадстаўнік Нацбанка таксама распавёў, што ліпень і жнівень стануць асноўнымі месяцамі для збору «старых» грошай. Да дэнамінацыі ў краіне хадзіла 600 мільёнаў купюр старога ўзору. Да канца года ўсе іх заменяць.
У Нацбанку мяркуюць, што ўжо да кастрычніка грашовыя знакі старога ўзору практычна выйдуць з абарачэньня.
Нагадаем, 1 ліпеня ў Беларусі пачалася дэнамінацыя. Грашыма старога ўзору можна разьлічвацца да 31 сьнежня 2016 года. Пасьля грошы можна будзе абмяняць у банках і Нацбанку. Пасьпець зрабіць гэта трэба будзе да 2022 года – далей яны стануць проста сувэнірамі.
tut.by/вс