Logo Polskiego Radia
Print

Больш за 550 грамадзянаў зьвярнуліся да Ўсебеларускага сходу

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 22.06.2016 17:31
«Не давяраем уладам», - напісалі аўтары звароту.

«Прыйшоў час перайсьці ад паслухмянага падняцьця рук на Ўсебеларускім сходзе да падыманьня рэальных праблем на гэтым форуме», – зьвяртаюцца да ўдзельнікаў праўладнага мерапрыемства 559 грамадзянаў Беларусі.

Зварот ініцыявалі людзі, якія лічаць, што іх грамадзянскія правы парушаныя. Яны называюць праблемы, якія, на іх думку, найбольш хвалююць усё беларускае грамадзтва. У тым ліку гэта неабароненасьць грамадзянаў перад свавольствам чыноўнікаў, немагчымасьць у незалежным судзе абараніць свае правы, парушаныя несумленнымі супрацоўнікамі міліцыі, сьледзтва й пракуратуры. Таксама падпісанты падтрымалі крытычныя высновы аўтараў звароту адносна эканамічнай і сацыяльнай сытуацыі ў краіне.

«Народ ператвараецца ў жабракоў і памірае, бо якасная мэдыцына недасягальная, лекі дарагія, заробкаў і пэнсій хапае толькі на выжываньне, бо квартплата й кошты растуць вар’яцкімі тэмпамі, вяршэнства закону цалкам адсутнічае. Між тым, «слугі народу« на гэтым фоне становяцца толькі багацейшымі й здаравейшымі, ды ўпэўнена павучаюць народ, як яму жыць і колькі пар абутку насіць», – сказана ў звароце да Ўсебеларускага сходу.

Іншыя патрабаваньні падпісантаў звароту да Ўсебеларускага народнага сходу можна знайсьці на сайце «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру». Подпісы пад зваротам да Ўсебеларускага сходу «Народ не давярае ўладам» сабраныя на 38 аркушах.

Радыё «Свабода»/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт