Logo Polskiego Radia
Print

Расея абвясьціла аб забароне на ўвоз прадуктаў з Афрыкі празь Беларусь

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 15.06.2016 13:53
Расьсельгаснагляд падазрае, што прадстаўленыя Беларусьсю сэртыфікаты краін паходжаньня могуць быць непраўдзівыя.
flickr.com

З 18 чэрвеня Расея забараняе ўвоз прадуктаў харчаваньня з шэрагу афрыканскіх краін празь Эўразьвяз і Беларусь.

Пра гэта заявіў кіраўнік Расьсельгаснагляду Сяргей Данкверт. Гэта зроблена для таго, каб пад выглядам афрыканскай прадукцыі ў Расею не ўвозілася прадукцыя з краін, пастаўкі зь якіх забароненыя, удакладняецца ў паведамленьні Расьсельгаснагляду, піша ej.by.

У жніўні 2014 г. Расея ўвяла эмбарга ў дачыненьні да харчовай прадукцыі з ЗША, ЭЗ, Канады, Нарвэгіі і Аўстраліі ў якасьці мер у адказ на санкцыі, якія гэтыя краіны ўвялі супраць расейскіх палітыкаў, чыноўнікаў, бізнэсоўцаў і кампаній.

Праз год у сьпіс краін дадалі Альбанію, Чарнагорыю, Ісландыю, Ліхтэнштэйн і Ўкраіну. Акрамя таго, з пачатку 2016 г. г. забаронены імпарт некаторай садавіны й агародніны з Турцыі.

Расьсельгаснагляд падазрае, што прадстаўленыя Беларусьсю сэртыфікаты краін паходжаньня могуць быць непраўдзівыя.

Забарона на рээкспарт працягнецца да «атрыманьня неабходнай інфармацыі» ад Беларусі і краін Эўразьвяза, паведаміла служба.

charter97.org/ej.by/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт