У мінулым годзе Беларусь зарабіла на экатурызьме 75 млрд рублёў
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
03.06.2016 17:59
З мэтай экатурызму ў 2015 годзе краіну наведала каля 120 тыс. замежных грамадзян.
www.pixabay.com
З мэтай экалягічнага турызму ў 2015 годзе Беларусь наведала каля 120 тыс. замежных грамадзян. Агульны даход ад экспарту паслуг у сфэры экатурызму склаў каля 75 млрд рублёў, паведаміла 3 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску першы намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі Ія Малкіна.
Малкіна адзначыла, што дзякуючы прынятым на працягу апошніх некалькіх гадоў мерам паказчык наведвальнасьці Беларусі экатурыстамі расьце. У прыватнасьці, яна нагадала аб уведзеным бязьвізавым рэжыме для замежнікаў, якія жадаюць наведаць Белавескую пушчу. На працягу бліжэйшага месяца ўрадам будзе ўзгоднены пералік краін, грамадзяне якіх таксама змогуць у спрошчаным парадку прыехаць адпачыць на Аўгустоўскі канал.
Першы намесьнік міністра расказала, што ў гэтым годзе ў Беларусі ў рамках прасоўваньня ідэй і прынцыпаў зялёнай эканомікі пачнуць курсіраваць два першыя турыстычныя электрычныя аўтобусы. Першы зьявіцца ў рэспубліканскім ляндшафтным заказьніку «Сьвіцязянскі» (Наваградзкі раён, Гарадзенская вобласьць), а другі – на тэрыторыі Нясьвіскага палацава-паркавага комплексу Радзівілаў.
Малкіна дадала, што гэта ўзоры электрабусаў, якія былі створаныя ў рамках ініцыятывы Мінпрыроды аб электрыфікацыі ў Беларусі транспарту, у тым ліку грамадзкага.
naviny.by/вс