Logo Polskiego Radia
Print

Этна-трыа «Троіца» атрымае прэмію «За ўнёсак у беларускую музыку»

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 25.05.2016 09:03
У галасаваньні бралі ўдзел больш за 60 беларускіх гуртоў і сольных артыстаў у стылістыцы рок, індзі, альтэрнатыва.
Wikipedia/Ethnoza/CC BY-SA 3.0

26 траўня на цырымоніі ўручэньня музычных узнагарод Rock Profi ў клюбе ili этна-трыа «Троіца» на чале з Іванам Кірчуком атрымае прэмію «За ўнёсак у беларускую музыку». У галасаваньні бралі ўдзел больш за 60 беларускіх гуртоў і сольных артыстаў у стылістыцы рок, індзі, альтэрнатыва.

Гурт «Троіца» быў заснаваны ў 1995 годзе й выконвае беларускія народныя песьні ў стылістыцы этна-ф’южн. На рахунку калектыва шэсьць студыйных альбомаў, якія выдаваліся ў тым ліку ў Нідэрляндах, Польшчы, Расеі, Нямеччыне. Геаграфія канцэртаў «Троіцы» ахоплівае шмат краін Эўропы, а таксама Паўднёва-Ўсходнюю Азію й Паўднёвую Амэрыку. У мінулыя гады прэмію «За ўнёсак у беларускую музыку» на Rock Profi атрымлівалі гурты «Ляпіс Трубяцкі» (2013), «Крама» (2014), а таксама N.R.M. у клясычным складзе (2015).

26 траўня ў клюбе ili назавуць і ўзнагародзяць пераможцаў у астатніх пяці намінацыях Rock Profi: «Лепшы альбом», «Лепшы запіс», «Лепшая песьня», «Дэбют года», «Артыст года». Лідарамі па колькасьці намінацый (па чатыры) у гэтым годзе зьяўляюцца рок-гурты Brutto і Re1ikt. Сярод намінантаў таксама «Серебряная свадьба», Shuma, «Дай дарогу» і іншыя. Узнагароды Rock Profi па галасах беларускіх музыкаў з 2013 года ладзяць Павел Юрцэвіч (студыя «Осмас», клуб ili) і Зьміцер Безкаравайны (Experty.by).

На цырымоніі ўручэньня ўзнагарод Rock Profi выступяць гурты Intelligency, True Litwin Beat, Unhuman Remains, Slowner, «Сестричкин луч». Пачатак у 19.00. Кошт квіткоў: 200 тыс. руб.

nn.by/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт