Logo Polskiego Radia
Print

Аўтограф-сэсія Алеся Пашкевіча – 18 траўня

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 17.05.2016 09:06
У Менску пісьменьнік прадстаўляе аповесьць «Рух».

18 траўня а 18-й літаратар Алесь Пашкевіч у менскай краме «Кнігарня пісьменьніка» (вул. Казлова, 2) прадстаўляе аповесьць «Рух», апублікаваную ў выдавецтве «Кнігазбор». Уваход вольны.

Твор пра вынаходнікаў і нафтамагнатаў, паўстанцаў і цароў, разьведчыкаў і здраднікаў, а найперш – пра тых, хто шчыра любіць сваю радзіму.

Першыя дзесяць чытачоў, якія набудуць кнігу, атрымаюць каштоўныя падарункі! Сустрэча адбудзецца ў межах інфармацыйнай кампаніі «Пяцісотгоднасьць» і сьвяткаваньня юбілею «Кнігарні пісьменьніка».

Ва ўступным слове да выданьня аўтар прызнаецца, што меў намер «выпісаць рэальнасьць, якой, магчыма, і не было, але якая… нараджаецца ва ўяве чытача ці хаця б самога аўтара». Так, балянсуючы паміж гісторыямі рэальных пэрсанажаў, якія жылі сто год таму, і мастацкім вымыслам, пісьменьнік стварае ўнікальны сьвет.

Канец 19 стагодзьдзя. Парыж. З келіхам белага віна ў кавярні – спадар у сінім швэдры, выкладчык тэхнічнай школы Адам Мацкевіч; з келіхам чырвонага ў руцэ, апрануты ў гарнітур Рудольф Дызель. Той самы, чыё прозьвішча або, прынамсі, тое, што яно азначае цяпер, ведаюць усе й што стала адпраўным пунктам тэхналягічнай рэвалюцыі пачатку 20 стагодзьдзя.

Аповесьць, па сьведчаньні крытыкаў, «зацягвае й не адпускае да самага фіналу», бо «твор напісаны яснай літаратурнай мовай, рухавым незамыленым стылем» і мае «ліха распрацаваны індустрыяльны сюжэт з некалькімі паралельнымі лініямі». Зразумела, ёсьць сярод іх і гісторыя каханьня, і нацыянальная ідэя, блізкая кожнаму беларусу.

Алесь Пашкевіч – паэт, празаік, літаратуразнаўца, першы намесьнік старшыні ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў», ляўрэат многіх міжнародных літаратурных узнагарод. Вершы й проза перакладаліся на расейскую, украінскую, польскую, балгарскую, летувіскую, ангельскую й швэдзкую мовы.

lit-bel.org/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт