Logo Polskiego Radia
Print

Стрэс-тэсты на БелАЭС правядуць да канца 2016 году

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 14.04.2016 17:33
БелАЭС будзе складацца з двух энэргаблёкаў сумарнай магутнасьцю да 2400 МВт.
pixabay.com/CC0 Public Domain

Стрэс-тэсты на Беларускай АЭС плянуецца правесьці да канца 2016 году, заявіў журналістам начальнік апэратыўна-вытворчай службы атамнай станцыі Віктар Турэльскі ў час візыту на БелАЭС удзельнікаў прэс-тура па экалягічнай журналістыцы.

„Атрымаем вынікі, перададзім іх у Дзяржатамнагляд і Растэхнагляд, пасьля чаго гэтыя даныя будуць перададзены для разгляду Эўракамісіі”, - адзначыў Віктар Турэльскі.

Начальнік апэратыўна-вытворчай службы БелАЭС расказаў, што рашэньне ўрада Беларусі аб правядзеньні стрэс-тэстаў было прынята ў 2014 годзе.

Выбар кампаніі, якая правядзе на БелАЭС стрэс-тэсты, праходзіць на тэндарнай аснове, пастаўшчык яшчэ ня вызначаны. „Пакуль у нас ёсьць дзьве заяўкі ”, - паведаміў Віктар Турэльскі.

Беларуская АЭС - праект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі тыпу АЭС-2006, які рэалізуецца за 18 км ад Астраўца (Гарадзенская вобласьць). БелАЭС будзе складацца з двух энэргаблёкаў сумарнай магутнасьцю да 2400 (2х1200) МВт. У адпаведнасьці з генэральным кантрактам на будаўніцтва станцыі першы энэргаблёк плянуецца ўвесьці ў эксплёатацыю ў 2018 годзе, другі - у 2020 годзе.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт