Logo Polskiego Radia
Print

"Газпром" не плянуе зьніжаць цану на газ для Беларусі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 10.04.2016 07:42
Чаму мы павінны сёньня прадаваць газ Беларусі таньней, чым прадаем яго ў Расеі?"- заявіў Валерый Голубеў.
www.en.ria.ru

"Газпром" лічыць немэтазгодным зьніжаць цану на газ для Беларусі, заявіў намесьнік старшыні праўленьня газавай кампаніі Валерый Голубеў.

"У нас жа формула зь Беларусьсю вельмі простая. Мы бярэм цану вытворчасьці ў Ямала-Ненецкай акрузе і да яе прыбаўляем цану транспарціроўкі, нічога лішняга. І гэты прынцып быў падпісаны. Чаму мы павінны сёньня прадаваць газ Беларусі таньней, чым прадаем яго ў Расеі?" — заявіў Голубеў РИА Новости.

Ён зазначыў, што існуюць розныя формулы цэнаўтварэньня на газ. "Ёсьць формулы, напрыклад, зьвязаныя з нафтавымі каэфіцыентамі, а Беларусь ішла па іншым шляху, яны ж самі не пайшлі на формулу, прывязаную да нафтавых эквівалентаў, яны захацелі цану, як у Расеі, плюс транспарт. Сёньня беларускія калегі кажуць — не, мы хочам, каб было па-іншаму. Ну, трэба быць пасьлядоўнымі", — адзначыў топ-мэнаджар "Газпрома".

Голубеў удакладніў, што цяпер кошт для Беларусі складае 132 даляры за тысячу кубамэтраў. Адказваючы на пытаньне, ці можа быць зробленая саступка беларускаму боку ў кошце, ён адзначыў, што існуе міжурадавае пагадненьне, якое вызначае формулу цаны паставак расейскага газу.

"Цяпер для Армэніі падпісаны кантракт на 150 даляраў (за тысячу кубамэтраў газу). Гэта такая ж па сутнасьці саюзная дзяржава, але Армэнія знаходзіцца трохі далей за Беларусь, таму цана для іх крыху вышэйшая. Для Кіргізіі цана таксама 150 даляраў, яны таксама член ЭАЭС. Яны таксама могуць патрабаваць (перагляду цаны)? А затраты нашы хто будзе кампенсаваць?" — зазначыў Голубеў.

Нагадаем, раней у інтэрв'ю РИА Новости прэм'ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў назваў галоўнай праблемай прывязку коштаў на расейскія энерганосьбіты да даляра. Так, паводле яго слоў, у пачатку 2014 года цана газу для Беларусі складала 165 даляраў за тысячу кубамэтраў. Гэта было пры курсе расейскага рубля 32-33 за даляр. На 1 студзеня 2015 года цана на газ складала 142 даляры за тысячу кубамэтраў. "Пры гэтым даляр стаў каштаваць больш за 60 расейскіх рублёў. Лагічна, што газ ужо павінен каштаваць прыкладна 80 даляраў, а ў нас 142", — сказаў Кабякоў.

"Аб'ём зьнешняга гандлю летась у нацыянальных валютах паміж краінамі склаў прыкладна 82%. Экспарт Беларусі ў Расею практычна на 100% ідзе ў расейскіх рублях. Імпарт ідзе таксама ў расейскіх рублях. Але ўсе энерганосьбіты мы купляем за даляры. Разьлічвацца можна і ў расейскіх рублях, але галоўная праблема ў тым, што цэнаўтварэньне прывязанае да даляра", — канстатаваў Кабякоў.

Ён таксама заявіў, што беларускі бок хацеў бы, каб "нафта, якая паступае ў Беларусь па нафтаправодзе, была больш высокай якасьці, бо апошнім часам яе якасныя характарыстыкі зьніжаюцца". "Пры гэтым цана засталася ранейшай. Мы дамовіліся аб выдзяленьні ў асобны паток нафты з больш нізкім утрыманьнем серы і палепшаным фракцыйным складам для паставак у Рэспубліку Беларусь і транзіце празь яе тэрыторыю спажыўцам Эўрапейскага Зьвязу", — сказаў прэм'ер.

belapan.com/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт