Міліцыянты згвалтавалі дзяўчыну
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
07.04.2016 15:02
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, злачынства зьдзейсьнілі трое ўчастковых і адзін былы супрацоўнік Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў.
pixabay.com/Public Domain CC0
У Магілёве група праваахоўнікаў згвалтавала дзяўчыну. Як піша газета «Вечерний Могилев» (у нумары за 6 красавіка), паводле неафіцыйнай інфармацыі, злачынства зьдзейсьнілі трое ўчастковых інспэктараў Ленінскага РАУС і адзін былы супрацоўнік Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў.
Адзін зь міліцыянтаў у цывільнай вопратцы пазнаёміўся ў мясцовым дыска-клюбе зь дзяўчынай, якая была ў стане алкагольнага ап'яненьня. Ён прывёз яе на кватэру, дзе яе падпаілі, пасьля чаго ўся кампанія, скарыстаўшыся бездапаможнасьцю дзяўчыны, яе гвалтавала.
Дзяўчына напісала заяву ў міліцыю. Па адной вэрсіі, яе зьбівалі, пацярпелую падабрала «хуткая». Гвалтаўнікоў вылічылі з дапамогай камэр відэаназіраньня ў дыска-клюбе і ўсіх затрымалі і завезьлі ў сталіцу. Яны, дарэчы, спрабавалі адкупіцца ад дзяўчыны, прапаноўвалі ёй 20 тысяч долараў, піша выданьне.
З афіцыйнага адказу на запыт, які даслала рэдакцыя газэты ў Сьледчы камітэт, вынікае, што распачатая крымінальная справа ў адносінах да трох чалавек.
nn.by/яс