У Беларусі зьявіўся першы даляравы мільярдэр
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
26.02.2016 12:08
Стваральнік анлайн-гульні World of Tanks Віктар Кіслы папоўніў сьпіс мільярдэраў, піша Bloomberg.
Заснавальнік гульні камэнтаваць падлікі агенцтва адмовіўся, запэўніўшы, што вядзе сьціплы лад жыцьця.
Маёмасьць 39-гадовага Віктара Кіслага, заснавальніка гульні World of Tanks, перавысіла $1 млрд, піша Bloomberg са спасылкай на ўласны індэкс мільярдэраў (Bloomberg Billionaires Index). Агульны кошт кампаніі Wargaming, па ацэнцы агенцтва, складае каля $1,5 млрд.
Сам Кіслы падлікі складальнікаў Bloomberg Billionaires Index камэнтаваць адмовіўся, запэўніўшы, што ніколі не спрабаваў лічыць уласныя грошы, а лад жыцьця вядзе «вельмі сьціплы». У размове з карэспандэнтам Bloomberg заснавальнік кампаніі, у гульнявых праектах якой зарэгістравана больш за 100 млн чалавек, запэўніў, што Wargaming ня мае намеру спыняцца на дасягнутым.
«Мы павінны стварыць канвэер па вытворчасьці якасных гульняў. Наша кампанія мае намер асвойваць усе вялікія рынкі. Калі зьявіцца мільярд мікрахвалёвак з джойсьцікамі, на якіх можна будзе гуляць у гульні, мы створым праграмы й для іх», – адзначыў Кіслы.
Паводле ацэнак Bloomberg, агульны даход Wargaming у 2015 годзе склаў каля $590 млн.
НН/ав