Logo Polskiego Radia
Print

"Дзейнасьць журналіста павінна ажыцьцяўляцца ў межах нормаў прафэтыкі"

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 20.02.2016 09:02
Гэтак пра зьбітага амапаўцамі журналіста Дабравольскага выказалася міністар інфармацыі Лілія Ананіч.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixaby. com/ CC0 Public Domain

На адрас партала tut.by 19 лютага паступіў адказ Міністэрства інфармацыі на зварот прыкладна 180 журналістаў у сувязі са зьбіваньнем карэспандэнта гэтага інтэрнэт-рэсурсу Паўла Дабравольскага.

Міністар Лілія Ананіч нагадвае аўтарам звароту, што закон аб СМІ «ня толькі дае журналістам пэўныя правы, але і накладвае абавязак паважаць правы і законныя інтарэсы іншых асоб, выконваць заканадаўства».

«Разам з тым, паводле інфармацыі, пададзенай Міністэрствам унутраных спраў "падчас інцыдэнту ў будынку суда Фрунзенскага раёна г. Менска Дабравольскі П. П. перашкаджаў супрацоўнікам міліцыі выконваць свае службовыя абавязкі, што зьявілася падставай для яго прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці на падставе арт. 23.34 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях», – піша Ананіч.

«З улікам вышэйсказанага» Мінінфарм «падкрэсьлівае, што дзейнасьць журналіста павінна ажыцьцяўляцца ў строгай адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам "і ў межах нормаў прафэсійнай этыкі".

Зварот прадстаўнікоў СМІ быў перададзены ў Мінінфарм 1 лютага. Аўтары прасілі ведамства выказацца з нагоды недапушчальнасьці перашкодаў прафэсійнай дзейнасьці журналістаў, рэалізацыі права грамадзян на атрыманьне поўнай, дакладнай i своечасовай інфармацыі і давесьці сваю пазыцыю да МУС і яго структурных падразьдзяленьняў.

25 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна Менска ў пачатку пасяджэньня па «справе графіцістаў» двое актывістаў разгарнулі транспарант з надпісам «Не палітычным перасьледам». Іх вывелі з залі суда. Разам зь імі быў затрыманы Павел Дабравольскі. Адразу пасьля затрыманьня ўсіх трое зьбілі ў суседнім пакоі, пасьля чаго даставілі ў РУУС, склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях, а затым аштрафавалі ў тым жа судзе Фрунзенскага раёна за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы.

Як паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў, аўтары звароту ў Мінінфарм зьбіраюцца накіраваць паўторны ліст зь пералікам усіх фактаў зьбіваньня журналістаў за апошнія 10 гадоў.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт