Logo Polskiego Radia
Print

Мытны камітэт патлумачыў увядзеньне пошлін на замежныя пасылкі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 13.02.2016 11:29
За апошнія тры гады абʼём увезеных у Беларусь міжнародных паштовых адпраўленьняў павялічыўся больш чым у шэсьць разоў.
Photo: pixabay.com

Адзначаецца, што прычынай узмацненьня жорсткасьці нормаў бяспошліннага ўвозу тавараў зьявілася «значнае павелічэньне абʼёмаў увозу тавараў у камэрцыйных маштабах на адрас фізычных асоб без выплаты мытных плацяжоў».

Цяпер жа будзе створаны барʼер «для перамяшчэньня фізычнымі асобамі камэрцыйных партый тавараў, які існуе ў сувязі з дзеючай нормай бяспошліннага ўвозу».

Нагадаем, нормы бяспошліннага ўвозу тавараў для асабістага карыстаньня, якія перасылаюцца на адрас аднаго атрымальніка, былі зьніжаны з 200 эўра і 31 кг да 22 эўра і 10 кг на працягу каляндарнага месяца. Дакумэнт уступае ў сілу праз два месяцы пасьля афіцыйнага апублікаваньня.

Па дадзеных мытнікаў, за апошнія тры гады абʼём увезеных у Беларусь міжнародных паштовых адпраўленьняў павялічыўся больш чым у шэсьць разоў: у 2013-м было 1,9 млн, у 2014-м – 6,3 млн, у 2015-м – 11, 8 млн. Падкрэсьліваецца, што каля 90% жыхароў Беларусі не атрымліваюць пасылак з-за мяжы. А больш за 250 тысяч грамадзян атрымліваюць ад 10 да 100 пасылак у год.

Пры атрыманьні тавараў коштам звыш 22 эўра і (або) масай больш за 10 кг, у частцы перавышэньня будуць налічаны мытныя пошліны, падаткі па раней дзеючай стаўцы – 30% ад кошту, але ня менш як 4 эўра за 1 кг. Пры атрыманьні пасылкі коштам 50 эўра і масай 2 кг мытныя пошліны, падаткі складуць: (50 – 22) * 30% = 8,4 эўра. У дачыненьні да такой пасылкі таксама неабходна будзе выплаціць мытны збор у 5 эўра.

Беларускі партызан/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт