Logo Polskiego Radia
Print

Лаўроў ня верыць у магчымасьць «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 04.02.2016 08:58
Кіраўнік МЗС Расеі лічыць, што экспарт «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусь немагчымы.
Кіраўнік расейскай дыпляматыі Сяргей Лаўроў.Кіраўнік расейскай дыпляматыі Сяргей Лаўроў.flickr.com

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў лічыць, што экспарт «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусь немагчымы. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію галоўнаму геапалітычнаму італьянскаму часопісу «Limes», тэкст якога апублікаваны на сайце расейскага зьнешнепалітычнага ведамства.

Расейскі міністар перакананы, што «любы экспарт рэвалюцый - камуністычных, дэмакратычных і любых іншых - наносіць велізарную шкоду народам дзяржаў, якія становяцца аб'ектамі такіх экспэрымэнтаў». На яго думку, такая практыка, якая зьяўляецца грубым парушэньнем міжнароднага права, сур'ёзна падрывае глябальную й рэгіянальную стабільнасьць.

«Што тычыцца ўласна Беларусі, то спробы разгайдаць унутрыпалітычную сытуацыю ў гэтай краіне наўрад ці сустрэнуць падтрымку пераважнай большасьці насельніцтва рэспублікі. Пра гэта наглядна сьведчаць вынікі праведзеных у кастрычніку прэзыдэнцкіх выбараў, падчас якіх грамадзяне Беларусі выказаліся за ўнутрыпалітычную стабільнасьць, за ўмацаваньне сувязяў з Расеяй, у тым ліку ў рамках Саюзнай дзяржавы й ЭАЭС », - адзначыў Лаўроў.

Нагадаем, выбары прэзыдэнта Беларусі прайшлі 11 кастрычніка. Паводле дадзеных ЦВК, у галасаваньні прынялі ўдзел 87,22% выбаршчыкаў, або 6 113 013 грамадзян, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 83,47% выбаршчыкаў.

tut.by/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт