Logo Polskiego Radia
Print

Урад Беларусі скараціў сьпіс населеных пунктаў у радыеактыўнай зоне

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.01.2016 09:00
У сывязі з гэтым колькасьць грамадзян, на якіх распаўсюджваецца сацыяльная абарона, зьменшыцца на 2,7%.
foto: Robert Danieluk/Foto i Blog

У Беларусі зьніжаная колькасьць населеных пунктаў, якія адносяцца да зоны радыеактыўнага забруджваньня. Пастанову ў гэтай справе прыняў Савет міністраў.

Згодна з новым пералікам, да зон радыеактыўнага забруджваньня адносяцца 2.193 населеныя пункты і 52 аб'екты. У параўнаньні з папярэднім пералікам, зацьверджаным 1 лютага 2010 года, колькасьць населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджваньня, зьмяншаецца на 203, колькасьць аб'ектаў — на 20. У населеных пунктах, якія выведзеныя з зон радыеактыўнага забруджваньня, пражывае 30 тысяч чалавек.

"Пры падрыхтоўцы пераліку выкарыстаныя зьвесткі аб шчыльнасьці забруджваньня глебаў цэзіем-137, стронцыем-90, плутоніем-238, 239, 240 паводле стану на 1 студзеня 2015 года, а таксама зьвесткі "Каталога сярэдніх гадавых эфектыўных доз апраменьваньня жыхароў населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ў камэнтарыі да пастановы.

Акрамя таго, 133 населеных пункты пераведзеныя ў менш жорсткія зоны радыеактыўнага забруджваньня.

Як прадугледжана новай пастановай, у сувязі са зьмяншэньнем шчыльнасьці забруджваньня і зьніжэньнем дозы апрамяненьня насельніцтва 128 населеных пунктаў, якія знаходзяцца цяпер у зоне з правам на адсяленьне, пяройдуць у зону пражываньня з пэрыядычным радыяцыйным кантролем.

Колькасьць грамадзян, якія пражываюць у зонах радыеактыўнага забруджваньня і на якіх распаўсюджваецца сацыяльная абарона грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС зьменшыцца на 2,7%.

БелаПАН/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт