Logo Polskiego Radia
Print

Цыклён «Даніэла» працягвае сваё шэсьце па Беларусі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 12.01.2016 15:26
Цыклён «Даніэла» пакінуў без электрычнасьці такія гарады, як Кіраўск і Клічаў.
Pavel P/www.flickr.com

Цыклён «Даніэла» працягвае сваё шэсьце па Беларусі. Сталіца не зьяўляецца выключэньнем.

Аўтамабілісты з самага ранку адчулі на сабе ўсю «асалоду» прыроднай стыхіі, спрабуючы адкапаць свае машыны з-пад сьнегу, якога наваліла за ноч досыць багата. Дарэчы, МНС папярэджвала напярэдадні, што 12 студзеня выяжджаць кудысьці на машыне не рэкамэндуецца. Зараз камунальшчыкі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, а сыноптыкі абяцаюць, што цалкам цыклён «Даніэла» пакіне тэрыторыю Беларусі ў ноч на 13-га студзеня.

Як паведамляе прэс-служба МНС са спасылкай на «Белэнэрга», у Беларусі адбываюцца адключэньні электраэнэргіі. Большасьць адключэньняў – у населеных пунктах, дзе пражывае менш за 50 чалавек.

Паводле зьвесткаў ратавальнікаў, на 13-ю гадзіну без электразабесьпячэньня заставаўся 651 населены пункт у Берасьцейскай, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласьцях.

Цыклён «Даніэла» пакінуў без электрычнасьці такія гарады, як Кіраўск і Клічаў. Прычынай стаў лёд на электрапровадах. У некаторых выпадках правады рваліся пад дрэвамі, якія падалі на іх пад вялікім абʼёмам сьнегу.
Камунальнікі сталіцы паведамілі, што прыбіраць сьнег выйшлі 4770 дворнікаў і 275 машын.

радыё рацыя/эўрарадыё/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт