Тацьцяна Караткевіч на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 набрала 19% (1,2 млн) галасоў выбаршчыкаў, паведаміў адзін зь лідараў кампаніі „Гавары праўду” Андрэй Дзьмітрыеў спасылаючыся на апытаньне кампаніі Gallup /Baltic Surveys. Вынікі дасьледаваньня Дзьмітрыеў і Караткевіч прэзэнтавалі сёньня ў Менску.
У прэзэнтацыі Gallup /Baltic Surveys па выніках апытаньня, якое перадалі журналістам лідары „Гавары праўду”, адзначаецца, што яўка склала 74% (51% — у дзень галасаваньня, 21,5% — датэрмінова, 1,5% — не сталі адказваць, калі прагаласавалі). Па дадзеных ЦВК Беларусі, нагадаем, яўка склала больш за 87%.
Паводле прыведзеных дадзеных, Аляксандр Лукашэнка набраў 51% галасоў, Караткевіч — 19%, Сяргей Гайдукевіч — 10%, Мікалай Улаховіч — 3%, супраць усіх прагаласавалі 15% выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у выбарах, 2% не змаглі з адказам або не сталі адказваць.
Такім чынам, за Лукашэнку галасавала толькі 38% ад агульнага ліку выбарцаў. Калі б на выбарах быў адзіны кандыдат ад апазыцыі й да галасоў пратэсту дадаліся б тыя, хто выбары байкатаваў, Лукашэнка не набіраў бы 50%.
Паводле афіцыйных дадзеных, Аляксандра Лукашэнка набраў 83,5% галасоў, Караткевіч — 4,4%, Гайдукевіч — 3,3%, Улаховіч — 1,7%.
Свой вынік у „Гавары праўду” назвалі „добрым стартам для далейшага разьвіцьця стратэгіі мірных пераменаў”.
Па словах Тацьцяны Караткевіч, „Гавары праўду” будзе працягваць удзельнічаць у выбарах і рыхтуе сьпіс сваіх кандыдатаў на парлямэнцкую кампанію 2016 году.
Самім палітыкам дасьледаваньне Gallup /Baltic Surveys прэзэнтавалі ў Вільні 11 сьнежня. Апытаньне праводзілася па ўсёй Беларусі з 28 кастрычніка па 13 лістапада 2015 году.
nn.by/аз