Logo Polskiego Radia
Print

З заўтрашняга дня зімовыя шыны абавязковыя

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 30.11.2015 20:32
У Беларусі з 1 сьнежня па 1 сакавіка забароненая эксплюатацыя аўтамабіляў зь летнімі шынамі.
Pavel P/www.flickr.com

У Беларусі з 1 сьнежня па 1 сакавіка забароненая эксплюатацыя аўтамабіляў зь летнімі шынамі, паведаміў БелТА старшы інспэктар арганізацыйна-аналітычнага ўпраўленьня міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС Валерый Лабяк. "У зімовы пэрыяд аўтамабілісты практычна штодзень сутыкаюцца зь неспрыяльнымі ўмовамі надвор'я. Начныя замаразкі, ападкі пры тэмпэратурах каля нуля робяць праезную частку сьлізкай. Штогод наступствамі рэзкага зьніжэньня тэмпэратуры або выпадзеньня сьнегу становяцца гэтак званыя дні бляхара, калі рэгіструецца ўсплёск дробных аварый", - адзначыў Валерый Лабяк.
Паводле яго слоў, вінаватымі ў большасьці такіх здарэньняў становяцца вадзіцелі аўтамабіляў на летніх шынах. Справа ў тым, што летняя гума страчвае элястычнасьць і счэпныя ўласьцівасьці ўжо пры тэмпэратурах каля нуля, у выніку чаго тармазны шлях павялічваецца. Спэцыялісты рэкамэндуюць ставіць зімовую гуму загадзя, калі сярэднясутачная тэмпэратура дасягае 7 градусаў вышэй за нуль. Менавіта таму ў Беларусі Правіламі дарожнага руху ўведзеная забарона на выкарыстаньне летніх шын зімой. Адрозьніць дазволены зімой "аўтаабутак" можна па маркіроўцы ў выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі й са сьняжынкай унутры яе або знакаў "М+S", "M&S", "M.S", "M S" або "All seasons". Вышыня малюнка пратэктара зімовых шын павінна быць ня менш як 4 мм. З 1 сьнежня за эксплюатацыю аўтамабіля зь летнімі шынамі будзе спаганяцца штраф.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт