Logo Polskiego Radia
Print

Трохгадовы дэкрэтны адпачынак — марнатраўства!

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 26.11.2015 15:42
Такім чынам лічыць сустаршыня Беларускага саюза жанчын.
Foto: pixabay.com

Водпуск па доглядзе дзіцяці на працягу трох гадоў — марнатраўства, заявіла сустаршыня Беларускага саюза жанчын, былы міністар працы й сацыяльнай абароны Антаніна Морава 26 лістапада ў Менску на міжнароднай канфэрэнцыі „Сацыяльная абарона й здароўе асобы ў кантэксьце рэалізацыі правоў чалавека: навука, адукацыя, практыка”.

Паводле яе, „гэта вельмі вялікі пэрыяд”, і Беларусь зьяўляецца адзінай краінай з такім працяглым аплачваемым водпускам па доглядзе дзіцяці. Морава зазначыла, што ў Расеі дапамога па доглядзе дзіцяці плаціцца ў поўным аб'ёме толькі на працягу паўтара гадоў з дня нараджэньня дзіцяці.

У Беларусі штомесяц дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросьце да трох гадоў складае 35-45% сярэднямесячнай зарплаты работнікаў. Зараз памер дапамогі складае 2,23-2, 87 млн. рублёў. Памер дапамогі большы на дзяцей, якія народжаныя другімі, а таксама маюць інваліднасьць.

„Мы, калі я была міністрам, праводзілі дасьледаваньне, згодна з вынікамі якога каля 70% жанчын не карыстаюцца правам быць у водпуску тры гады поўнасьцю. У людзей элемэнтарна не хапае грошай. Жанчыны выходзяць на працу, таму што баяцца яе страціць. Ім неабходна ўвайсьці ў працоўны працэс, бо зараз усё мяняецца: мы перайшлі на новыя тэхналёгіі, новыя спосабы ўзаемадзеяньня на працы”, - сказала Морава.

Гаворачы пра дэмаграфічную сытуацыю, яна сказала, што дзейсным мэханізмам падтрымкі сям'і зьяўляецца ўкладаньне сродкаў у разьвіцьцё сямейнай інфраструктуры (набор сацыяльных паслуг, якасьць абуладкаваньня жылога, прафэсійнага й сацыякультурнага асяродзьдзя).

Морава ня лічыць, што зараз назіраецца крызыс сям'і. На яе думку, адбываецца натуральная трансфармацыя. „Шматдзетныя сем'і сустракаліся часьцей, калі былі эканамічна выгадныя, таму што пры аграрным укладзе грамадзтва чым у сям'і больш было дзяцей, тым больш пасьпяховая сям'я”, - зазначыла яна.

nn.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт