Logo Polskiego Radia
Print

Зьберажэньні беларусаў амаль у 3 разы перавышаюць даўгі перад банкамі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 29.10.2015 18:14
На банкаўскіх укладах у беларусаў захоўваецца амаль 190 трыльёнаў рублёў.
foto: wikipedia

Даўгі беларусаў перад банкамі працягваюць павялічвацца. На 1 кастрычніка фізасобы ўзялі крэдыты амаль на 66 трыльёнаў рублёў, паведамляе Нацбанк. Пры гэтым на банкаўскіх укладах у беларусаў захоўваецца амаль у тры разы большая сума – 190 трыльёнаў рублёў.
Запазычанасьць па крэдытах, якія банкі выдалі фізасобам, расьце з пачатку гэтага года. На 1 студзеня яна складала амаль 63 трыльёны рублёў. Гэта на 3 трыльёны менш, чым на пачатку гэтага месяца. Між тым даўгі беларусаў перад банкамі павялічваліся і ўвесь 2014 год: калі на 1 студзеня яны складалі 54 трыльёны, то на канец года – ужо 61,5 трыльёна.

Пры гэтым праблемная запазычанасьць беларусаў па крэдытах пачала скарачацца ўпершыню за апошнія 4 месяцы. На пачатак гэтага месяца яна складае 545,7 мільярда рублёў. Асноўную частку гэтай сумы складаюць спажывецкія крэдыты – 376,7 мільярда рублёў.

Дэпазыты фізычных асоб на 1 кастрычніка склалі амаль 190,2 трыльёна рублёў. Скараціліся ўклады ў двух абласьцях – Гарадзенскай і Менскай, у астатніх рэгіёнах – вырасьлі.

Валютныя ўклады ў беларусаў больш папулярныя, чым рублёвыя: на дэпазыты ў рублях прыходзіцца 43 трыльёны рублёў, астатняя сума – на валюту. Пры гэтым рублёвыя ўклады скарачаюцца трэці месяц запар.

Больш за ўсё зьберажэньняў у банках захоўваюць менчукі (84 трыльёны рублёў), а менш за ўсіх – жыхары Магілёўскай вобласьці (13,9 трыльёна). Нагадаем, у гэтым рэгіёне ў верасьні была самая нізкая сярэдняя зарплата.

tut.by/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт