Logo Polskiego Radia
Print

КДБ затрымала групу, якая праслухоўвала важных грамадзян

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 29.10.2015 14:21
КДБ затрымала групу, якая праслухоўвала сілавікоў, журналістаў і чыноўнікаў.
www.flickr.com

Прэс-служба КДБ паведаміла, што ў выніку спэцапэрацыі спэцслужбы затрымалі злачынную групу, якая цягам трох гадоў праслухоўвала памяшканьні, тэлефонныя перамовы, узломвала электронную пошту й акаўнты Skype, Viber, WhatsApp, сацыяльных сетак.
Паведамляецца, што КДБ затрымаў арганізатараў злачыннай дзейнасьці й правёў больш за 80 ператрусаў. Было выяўлена каля паўтары тысячы замоўцаў незаконных паслуг. Аплата вялася праз электронныя кашалькі.
Ахвярамі зламысьнікаў сталі ў тым ліку намесьнік начальніка аднаго з РУУС Менска, прадстаўнік кіраўніцтва Гарадзенскага абласнога ўпраўленьня МНС, супрацоўнікі Сьледчага камітэта, журналісты дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, прадстаўнікі мытных органаў, вайскоўцы, а таксама кіраўнікі й прадстаўнікі органаў улады й кіраваньня, дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў.
Пры ператрусах па месцы працы й жыхарства зламысьнікаў праваахоўнікі выявілі й канфіскавалі спэцыяльнае электроннае абсталяваньне, а таксама замежную валюту.
На ўдзельнікаў злачыннай групы завялі крымінальную справу за незаконны выраб, набыцьцё або збыт сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, учынены групай асоб па папярэдняй змове. Ім пагражае да чатырох гадоў пазбаўленьня свабоды. Пакуль што іх узялі пад варту.

эўрарадыё/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт