Грамадзкі трыбунал асудзіў сталінізм у Беларусі 
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        29.10.2015 11:05
                    
                                 
                
                
                    Сябры трыбуналу патрабуюць годна ўшанаваць памяць ахвяраў.
                
                
                    
                        
svaboda.org
                     
                
                
                
               
                
                          Да дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій 29 кастрычніка, у Менску адбылося заключнае паседжаньне Грамадзкага трыбуналу па разгляду злачынстваў сталінізму ў Беларусі.
Удзел у ягонай працы прынялі вядомыя грамадзкія дзеячы, юрысты, нашчадкі ахвяраў палітычных рэпрэсій.
Грамадзкі трыбунал працаваў паэтапна цягам дзесяці гадоў падчас якіх былі дасьледаваныя й прагледжаныя архіўныя й навуковыя матэрыялы гісторыі сталінізму й ягоных злачынстваў на тэрыторыі Беларусі.
Вынікам працы сталася падпісаньне абвінавачаньня сталінізму ў Беларусі.
„Беларусь ня можа стаць дэмакратычнай дзяржавай, не асудзіўшы сталінскі рэжым і не ўшанаваўшы памяць сваіх грамадзян, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій. Сталінізм не павінен мець шанцу на адраджэньне. Краіна, якая ня можа й ня хоча прызнаць злачынствы й памылкі сваіх папярэднікаў, асуджаная на іх паўтор”, - чытаем у дакумэнце.
У ім сябры трыбуналу таксама зьвяртаюцца да ўладаў з патрабаваньнем годна ўшанаваць памяць бязьвінна закатаваных суграмадзян: выканаць пастанову ўраду і ўсталяваць помнік у Курапатах, помнік усім ахвярам сталінізму ў Менску і ў іншых гарадах Беларусі.
Забясьпечыць поўны доступ да архіваў КДБ і іншых рэпрэсіўных структур, правесьці археалягічныя раскопкі па выяўленьні новых месцаў масавых забойстваў грамадзян. Таксама яны заклікаюць краіны Эўропы й былыя краіны Савецкага Саюзу стварыць міжнародную ўстанову ў справе расьсьледаваньня злачынстваў камунізму і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.
svaboda.org/аз