Logo Polskiego Radia
Print

Сёньня ў Менску пікет памяці Ганчара й Красоўскага

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 16.09.2015 13:20
Сёньня ўвечары ў Менску каля ГУМа актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі плянуюць правесьці пікет памяці «16 гадоў без Ганчара і Красоўскага».

16 гадоў таму ў Менску пры нявысьветленых абставінах зьніклі апазыцыйны палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

Увечары 16 верасьня 1999 году Віктар Ганчар, які спачатку быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі і дапамог яму прыйсьці да ўлады, а потым сышоў у апазыцыю, і ягоны сябар Анатоль Красоўскі прыехалі ў лазьню, разьмешчаную ў Менску па вуліцы Фабрычнай, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў «Джып-Чэрокі» Красоўскага..

Крымінальную справу па факце зьнікненьня Ганчара і Красоўскага завяла пракуратура Менску. Паводле сьледзтва, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзеныя аскепкі плястмасавых расьсейвальнікаў сьветласыгнальных прыбораў аўтамабіля, сьляды тармажэньня аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сьляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспэртызы паказалі, што паходжаньне знойдзеных на месцы здарэньня сьлядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасьці вывадаў аб паходжаньні плямаў крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказаньняў сьведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі, — нагадвае БелаПАН.

Прадстаўнікі апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная грамадзкасьць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя паводле палітычных матываў, і падазраюць у датычнасьці да гэтага злачынства вышэйшых службовых асобаў краіны.

Сёньня ўвечары ў Менску каля ГУМа актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, у якой быў Віктар Ганчар, плянуюць правесьці пікет памяці «16 гадоў без Ганчара і Красоўскага». «Заяўка на пікет не падавалася. Пікет пройдзе ў адпаведнасьці з артыкуламі 35 Канстытуцыі і 45 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь», — паведаміла прэсавая служба АГП.

svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт