Logo Polskiego Radia
Print

Праваабаронцы сустрэліся з дэлегацыяй ПАРЭ

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 09.09.2015 13:07
Сябрам дэлегацыі былі перададзены справаздачы, падрыхтаваныя па выніках незалежнага перадвыбарнага назіраньня.

8 верасьня ў офісе прадстаўніцтва Эўразьвяза ў Менску адбылася сустрэча прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў з дэлегацыяй Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), у складзе якой напярэдадні выбараў прыбыў дакладчык ПАРЭ па Беларусі Андрэа Рыгоні.

Візыт дэлегацыі ПАРЭ ў Беларусь распачаўся 7 верасьня з мэтай ацэнкі перадвыбарнай кампаніі й палітычнага клімату напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

У склад дэлегацыі на чале з турэцкім дэпутатам Рэа Дэнэмэчам увайшлі Ёнас Гунарсан (Швэцыя), Марылуіза Бек і Андрэй Хунка (Нямеччына), Роберт Ніл (Вялікабрытанія), Арпінэ Аванісян (Армэнія) і дакладчык па Беларусі Камісіі па палітычных пытаньнях і дэмакратыі ПАРЭ Андрэа Рыгоні (Італія). Праваабарончыя няўрадавыя арганізацыі на сустрэчы прадстаўлялі Валянцін Стэфановіч (ПЦ «Вясна»), Алег Гулак (БХК), Андрэй Бастунец (БАЖ) і Міхаіл Мацкевіч (Lawtrend).
Як паведаміў намесьнік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч, праваабаронцы праінфармавалі прадстаўнікоў дэлегацыі ПАРЭ пра ход выбарчай кампаніі й бягучую сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі ў дадзеным кантэксьце.

Сябрам дэлегацыі былі перададзены аналітычныя справаздачы, падрыхтаваныя па выніках незалежнага назіраньня ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

«Кантэкст размовы быў больш шырокі – абмяркоўвалася перадвыбарная сытуацыя ў краіне агулам. Мы распавялі й пра апошнія падзеі – затрыманьне кандыдата на пасаду прэзыдэнта на выбарах 2010 года Алеся Міхалевіча, які вырашыў вярнуцца ў краіну», – падкрэсьліў праваабаронца.

Візыт дэлегацыі ПАРЭ ў Беларусь працягнецца да 10 верасьня. У кастрычніку місія ПАРЭ прыбудзе ў Беларусь для назіраньня за выбарамі прэзыдэнта непасрэдна ў дзень галасаваньня, 11 кастрычніка.

Вясна/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт