40% грыбоў і каля 30% ягад заражаныя цэзіем-137
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
13.08.2015 10:36
У значнай колькасьці пробаў грыбоў і ягад утрыманьне радыеактыўных нуклідаў цэзія-137 перавысіла дапушчальны ўзровень.
Больш за 40% правераных у Беларусі грыбоў і каля 30% ягад заражаныя цэзіем-137.
Дзяржаўная ўстанова па абароне й маніторынгу лесу «Беллесаховы» канстатуе, што ў значнай колькасьці пробаў грыбоў і ягад, сабраных у лясах Беларусі ў чэрвені-ліпені, утрыманьне радыеактыўных нуклідаў цэзія-137 перавысіла дапушчальны ўзровень.
«Усяго за чэрвень-ліпень адабрана ў лясных кварталах, на кантрольных палігонах і вымераны 280 пробаў грыбоў і 842 ягад. Зь іх у 117 пробах грыбоў (41,9%) утрыманьне цэзія-137 перавышала дапушчальны ўзровень – 370 Бк/кг. Перавышэньне РДУ-99 у ягадах (185 Бк/кг) устаноўлена ў 252 пробах (29,9%)», – гаворыцца ў паведамленьні ГУ «Беллесаховы».
Паводле інфармацыі ўстановы, максымальныя ўзроўні ўтрыманьня цэзія-137 у грыбах дасягалі значэньняў 8760 Бк/кг, у ягадах – 2635 Бк/кг.
«Перавышэньне дапушчальнага ўзроўню ўтрыманьня ў грыбах і ягадах устаноўлена на тэрыторыі радыеактыўнага забруджваньня ляснога фонду лясгасаў усіх дзяржаўных вытворчых лесагаспадарчых аб’яднаньняў, акрамя Віцебскага», – адзначаюць спэцыялісты.
Збор грыбоў і ягад рэкамэндаваны пры шчыльнасьці забруджваньня глебаў цэзіем-137 да 2 Кі/кв.км. Інфармацыю аб шчыльнасьці забруджваньня ў кожным лясным квартале можна атрымаць у лясгасе альбо лясьніцтве.
Інтэрфакс/ав