Польскі парапланерыст надалей знаходзіцца ў Беларусі
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
31.07.2015 18:24
Жыхар Беластока, які на параплане нелегальна перасёк мяжу, па-ранейшаму знаходзіцца ў Беларусі.
Парапланерыст зь Беластока, які на параплане нелегальна перасёк польска-беларускую мяжу, па-ранейшаму знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.
Беларускі памежны камітэт ужо прыняў рашэньне пра дэпартацыю й штраф у памеры 450 базавых велічынь. Штраф аплачаны, аднак 26-гадовы беластаччанін па-ранейшаму не перададзены польскай памежнай службе, паведаміў генеральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Хадкевіч. «Быў прадстаўлены нейкі аргум’нт, якога я не разумею з пункту гледжаньня польскай працэдуры, што сёньня няма начальніка адрэзка мяжы палкоўніка Маластова. Ня ведаю, толькі начальнік можа падпісаць рашэньне? Ніхто яго не замяшчае? Не разумею гэтага», – сказаў генконсул.
26-гадовы беластоцкі парапланерыст быў затрыманы па беларускім баку мяжы ў раёне вёскі Нязбодзічы ў Сьвіслацкім раёне. Паводле маладога чалавека, ён у паветры згубіў арыентаваньне па мясцовасьці й апынуўся ў Беларусі.
рацыя/вс