Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі абмежавана купаньне ў вадаёмах 27 зон адпачынку

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 25.07.2015 17:00
Купаньне дзяцей абмежавана ў 10, а дзяцей і дарослых у 17 зонах.
agrobiznes.money.plagrobiznes.money.pl

У Беларусі абмежавана (прыпынена) купаньне ў вадаёмах 27 зон адпачынку, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялёгіі й грамадзкага здароўя.

Купаньне дзяцей абмежавана ў 10 зонах адпачынку. У Берасьцейскай вобласьці ў сьпіс нядобранадзейных трапілі гарадзкі пляж ракі Мухавец у Жабінцы й пляж санаторыя „Надзея” ў Жабінкаўскім раёне.

У Гомельскай вобласьці адпачынак абмежаваны на пляжы ў Мазыры (на левабярэжжы Прыпяці ад аўтамоста да рэчышча Мярлявіцы), пляжах у Гомелі „Каскад азёр” першым і другім, пляжах „Заходні” ў Гомелі і ў гарадзкім пасёлку Касьцюкоўка, а таксама на пляжы дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра „Пціч” у гарадзкім пасёлку Капаткевічы Петрыкаўскага раёна.

У Менскай вобласьці ў сьпіс трапілі зоны масавага адпачынку на вадасховішчы „Руднянскае” ў вёсцы Рудня й на рацэ Случ у раёне 11 ваеннага гарадка па вуліцы Сацыялістычнай у Слуцку.

Купаньне дзяцей і дарослых абмежавана на 17 зонах адпачынку. У Гомельскай вобласьці гэта пляжы Дняпра ў раёне гарадзкога парку і ў раёне Цэнтра алімпійскага рэзэрву Жлобіна, пляж вадаёма ў населеным пункце Чырвоны Сьцяг Буда-Кашалёўскага раёна, пляж гарадзкога вадаёма Калінкавіч, пляж аграгарадка Дуравічы Буда-Кашалёўскага раёна й гарадзкі пляж Дняпра ў Рэчыцы.

У Магілёўскай вобласьці ў сьпіс трапілі сажалка Дрыбінская гарадзкога пасёлка Дрыбін, Грабянёўскае возера Магілёва, пляж Дняпра ў Шклове, а таксама гарадзкія пляжы нумароў 1, 2 Бабруйска, пляж ПУП „Санаторый імя Леніна” й пляж санаторыя „Шыньнік” ААТ „Белшына”.

У Менскай вобласьці адпачынак абмежаваны ў зоне купаньня на возеры Мацярынскае, зоне купаньня на вадаёме Шацк, зонах адпачынку на дзіцячым пляжы ў Салігорску й на вадаёме ў вёсцы Саковічы Салігорскага раёна, у Гродзенскай вобласьці - на сажалцы ў паўднёва-заходняй частцы Слоніма.

Спэцыялісты санітарна-эпідэміялягічнай службы за мінулы тыдзень правялі абсьледаваньні 410 зон рэкрэацыі. На 30 з іх устаноўлены парушэньні санітарных норм, правіл і гігіенічных нарматываў у частцы абсталяваньня і ўтрыманьня грамадзкіх туалетаў, стаянак для асабістага й грамадзкага аўтатранспарту, кабінак для пераапрананьня (разьдзявалак), кантэйнэрных пляцовак і кантэйнэраў для збору цьвёрдых камунальных адходаў.

Па гэтых фактах на вінаватых службовых асоб складзена 6 пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэньні, выдадзена 4 прадпісаньні й 22 рэкамэндацыі па ўстараненьні выяўленых недахопаў, накіравана 34 пісьмы ў мясцовыя органы выканаўчай улады і ўпраўленьні, 20 - у ведамствы. Узята 809 проб вады для правядзеньня лябараторных дасьледаваньняў (зь іх 61 проба не адпавядала ўстаноўленым гігіенічным нарматывам: 39 - па мікрабіялягічных паказчыках, 24 - па санітарна-хімічных).

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт