У Беларусі зьявіцца нацыянальны турыстычны інтэрнэт-партал
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
24.07.2015 15:16
Ён павінен прычыніцца да стварэньня станоўчага іміджу дзяржавы ў сьвеце.
Photo: cvrcak1/Flickr
У Беларусі зьявіцца нацыянальны турыстычны інтэрнэт-партал. Аб гэтым паведаміў намесьнік міністра спорту й турызму Міхаіл Партной падчас рэспубліканскага форуму турыстычнай праграмы „Belarus N”.
„Стварэньне нацыянальнага інтэрнэт-партала прадугледжана канцэпцыяй Дзяржаўнай праграмы разьвіцьця турызму ў Беларусі на 2016-2020 гады. На жаль, Беларусь у турыстычным сьвеце не зусім вядомая, таму канцэпцыяй і прадугледжана стварэньне партала”, - растлумачыў Міхаіл Партной.
Паводле яго, партал будзе выконваць дзьве асноўныя функцыі. Гэта інфармацыйная функцыя, стварэньне станоўчага іміджу дзяржавы, а таксама падача турыстычнага прадукту ў прыгожай упакоўцы.
Гаворачы аб праграме „Belarus N”, Міхаіл Партной зьвярнуў увагу, што гэты праект таксама ўпісваецца ў канцэпцыю дзяржпраграмы разьвіцьця турызму на бліжэйшыя пяць гадоў.
Праект „Belarus N” прадугледжвае, што больш як 540 заправак кампаніі „Беларуснафта” выступяць у ролі інфармацыйных, рэсурсных і экіпіровачных цэнтраў для арганізацыі падарожжаў. Усе падарожжы ў фармаце „Belarus N”, якія стартуюць з адной з АЗС, будуць вызначацца адзіным стандартам фірменнага сэрвісу й цікавай праграмай для турыстаў.
Акрамя папулярызацыі на АЗС „Belarus N” прадугледжвае стварэньне інтэрнэт-партала з магчымасьцю анлайн-браніраваньня й аплаты маршруту, а таксама рэйтынгам тэматычных маршрутаў і месц адпачынку. Будзе створаны мабільны дадатак з функцыяй геапазыцыянаваньня.
Праект „Belarus N” быў запушчаны ў траўні гэтага году.
belta.by/аз