Абмежаванае купаньне на вадаёмах 27 зон адпачынку
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
18.07.2015 11:12
Спэцыялісты санітарна-эпідэміялягічнай службы за мінулы тыдзень правялі абсьледаваньні 426 зон рэкрэацыі.
У Беларусі прыпыненае купаньне на вадаёмах 27 зон адпачынку, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя.
Купаньне дзяцей абмежаванае ў 13 зонах адпачынку. У Магілёўскай вобласьці ў сьпіс трапілі гарадзкія пляжы Бабруйску. У Гомельскай вобласьці адпачынак абмежаваны на возеры Вірскае ў Жлобіне, пляжах у Гомелі, у Рэчыцы і ў гарадзкім пасёлку Касьцюкоўка, а таксама на пляжы дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтру "Пціч" у Капаткевічах Петрыкаўскага раёну. У Менскай вобласьці ў сьпіс трапілі зоны купаньня на рацэ Вязынка ў аграгарадку Чырвоная Слабада Салігорскага раёну, а таксама зоны масавага адпачынку на дзіцячым пляжы ў Салігорску.
Купаньне дзяцей і дарослых абмежаванае ў 14 зонах адпачынку. У Гомельскай вобласьці гэта пляжы Дняпра ў раёне гарадзкога парку і Цэнтру алімпійскага рэзэрву Жлобіна, пляж у населеным пункце Чырвоны Сьцяг Буда-Кашалёўскага раёна, пляжы ў Калінкавічах, Хойніках і ў Рэчыцы. У Магілёўскай вобласьці ў сьпіс трапілі сажалка ў Дрыбіне, Грабянёўскае возера Магілёва і пляж Дняпра ў Шклове. У Менскай вобласьці адпачынак абмежаваны ў зоне купаньня на возеры Мацярынскае і на вадаёме Шацк, у Гарадзенскай вобласьці - на сажалцы ў паўднёва-заходняй частцы Слоніма, а ў Берасьцейскай - на пляжы "Цэнтральны" (правы і левы бераг ракі Мухавец).
Спэцыялісты санітарна-эпідэміялягічнай службы за мінулы тыдзень правялі абсьледаваньні 426 зон рэкрэацыі. Сярод іх на 46 устаноўлены парушэньні санітарных норм, правіл і гігіенічных нарматываў у частцы абсталяваньня і ўтрыманьня грамадзкіх туалетаў, стаянак для асабістага і грамадзкага аўтатранспарту, кабінак для пераапрананьня, кантэйнэрных пляцовак і кантэйнэраў для збору цьвёрдых камунальных адходаў.
Складзена 7 пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэньні, выдадзена 1 прадпісаньне і 42 рэкамэндацыі па выпраўленьні выяўленых недахопаў. Узята 903 пробы вады для правядзеньня лябараторных дасьледаваньняў (58 зь іх не адпавядалі ўстаноўленым гігіенічным нарматывам: 34 - па мікрабіялагічных паказьніках, 24 - па санітарна-хімічных).
эб/belta.by