Радыеактыўныя чарніцы на рынках
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
14.07.2015 10:23
На сталічных рынках здымаюць з продажу да 100 кіляграмаў радыеактыўных чарніц.
У Менску пачасьціліся выпадкі рэалізацыі чарніцы з павышаным узроўнем радыяцыі. Як распавяла загадчыца лябараторыі вэтэрынарна-санітарнай экспэртызы рынку «Серабранка» Аксана Міронава, усе дары лесу правяраюць на наяўнасьць радыяцыі.
Штодня спэцыялісты бяруць да 40 пробаў ягад. Што тычыцца выніку дасьледаваньняў, то тут дзень на дзень не прыходзіцца. Аднойчы, напрыклад, забракавалі 11 кг чарніц, у іншы раз – 95 кг. Заражаную ягаду ўтылізуюць.
Аднойчы ў перакупніка канфіскавалі каля 100 кг небясьпечнай ягады, і ён пацярпеў страты на суму больш за 4 млн руб.
Больш за ўсё заражанай ягады паступае зь Берасьцейскай вобласьці, у прыватнасьці з Лунінецкага раёна. Як правіла, чалавек, які купляе ягаду ў прадаўцоў на трасе, ня ведае, што набывае радыеактыўную прадукцыю. Невядома гэта й зборшчыкам ягад: нават у чыстым лесе можна натрапіць на радыеактыўную паляну.
- Мы сочым за тым, каб на гандлёвых радах не было прадаўцоў, якія не праверылі сваю прадукцыю ў лябараторыі, – падкрэсьліла Аксана Міронава.
Спэцыяліст раіць абыходзіць бокам месцы несанкцыянаванага гандлю. Бабулі ў мэтро ці на абочыне ня маюць ніякіх дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць прадукцыі, якую прадаюць. Бясьпечней за ўсё купляць ягаду на рынках. Калі ўсё ж такі ёсьць сумневы, то трэба патрабаваць у прадаўца паказаць талон з лябараторыі вэтэрынарна-санітарнай экспэртызы.
Адзначым, што ўзровень цэзія-137 у дзікарослых ягадах не павінен перавышаць 185 бэкерэляў на кіляграм.
Менск-Навіны/ав