Logo Polskiego Radia
Print

Пасьля выбараў - скарачэньні на беларускіх аўтагігантах

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 23.06.2015 11:20
Пакуль улады падтрымліваюць фінансава прадпрыемствы, каб дацягнуць да выбараў без істотных скарачэньняў.

МАЗ, БелАЗ, Гомсельмаш і МТЗ улады пакуль падтрымліваюць фінансава, каб дацягнуць да выбараў без істотных скарачэньняў на гэтых прадпрыемствах. Аднак як толькі выбары пройдуць, многія зь цяперашніх работнікаў беларускіх аўтагігантаў апынуцца на вуліцы, піша "Заўтра тваёй краіны".

Адзіная антыкрызысная стратэгія для буйных машынабудаўнічых прадпрыемстваў Беларусі - скарачэньне вытворчасьці да ўзроўню продажаў і значнае зьніжэньне колькасьці пэрсаналу.

Па выніках пяці месяцаў падзеньне вытворчасьці машын і абсталяваньня склала 29,2%. Тэмпы падзеньня павялічваюцца з кожным месяцам. Па стане на 1 траўня сумарныя страты прадпрыемстваў галіны перавысілі 900 млрд рублёў, а колькасьць стратных прадпрыемстваў - 40% ад іх агульнай колькасьці. Сярод іх - сыстэмаўтваральныя БелАЗ, Менскі трактарны завод, Гомсельмаш. А МАЗ стаў самым стратным адкрытым акцыянэрным таварыствам у Беларусі па выніках 2014 года.

Прычынай называюцца экспартныя праблемы. Па ацэнцы экспэртаў, для патрэбаў унутранага рынку вытворчыя магутнасьці машынабудаўнічых гігантаў залішнія.

"Заўтра тваёй краіны"/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт