Рыгор Кастусёў заявіў пра палітычны перасьлед
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
05.06.2015 13:00
Напярэдадні візыту ў Шклоў Аляксандра Лукашэнкі яго кватэру наведала мясцовая міліцыя.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў Фота: Партыя БНФ
Напярэдадні візыту ў Шклоў Аляксандра Лукашэнкі мясцовая міліцыя перасьледуе апазыцыю, сьцьвярджае экс-кандыдат у прэзыдэнты, намесьнік старшыні Партыі БНФ, жыхар райцэнтра Рыгор Кастусёў.
«У кватэру прыходзіў міліцыянт, сказаў, каб у бліжэйшую суботу да абеду не адчынялі вокны, а потым спытаў, дзе я знаходжуся, таму што яго прасілі ўдакладніць», - паведаміў БелаПАН апазыцыйны палітык. Паводле яго слоў, у цяперашні час ён знаходзіцца ў сваёй вёсцы паблізу раённага цэнтра.
«Я разглядаю такую зацікаўленасьць напярэдадні прыезду Лукашэнкі як палітычны перасьлед. Паколькі само пытаньне ўжо гучыць непрыемна. Пытаюцца ў родных, блізкіх, каб паказаць - глядзіце, мы за вамі сочым. Гэта палітычны перасьлед, намёк на нейкія магчымыя дзеяньні», - лічыць Кастусёў.
Па словах апазыцыйнага палітыка, адна з мэтаў візыту Лукашэнкі - наведваньне шклоўскага Лядовага палаца.
«Яго павінны былі скончыць гады тры таму, але ніяк не дабудуюць. Нават моладзь у Шклове зьбірала подпісы, каб адбудавалі гэты Лядовы палац, адпраўлялі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, палац пачыналі дабудоўваць, потым зноў закідвалі. Кажуць, не хапае грошай, пры тым што кожны год мы чытаем, што ў Шклове выкрываюцца факты карупцыі на сотні тысяч даляраў », - сказаў намесьнік старшыні Партыі БНФ.
БелаПАН/ав