Logo Polskiego Radia
Print

Філіпаў: любое павышэньне цаны павінна быць абгрунтаваным

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.04.2015 16:00
Мінгандаль прадоўжыць рэгуляваць цэны на сацыяльна значныя тавары й алькаголь.
Facebook

/

Любое павышэньне цаны павінна быць эканамічна абгрунтаваным. Аб гэтым заявіў начальнік упраўленьня эканомікі, фінансаў і цэн Міністэрства гандлю Беларусі Павел Філіпаў, камэнтуючы адмену забароны на рост розьнічных цэн на тавары ў параўнаньні з цэнамі, якія дзейнічалі на 18 сьнежня 2014 году.

„Усе цэны павінны быць канкурэнтаздольнымі. Работа вытворцаў і імпартэраў павінна быць накіравана на зьніжэньне выдаткаў вытворчасьці й выдаткаў, зьвязаных з пастаўкай прадукцыі на спажывецкі рынак”, - адзначыў Павел Філіпаў.

Паводле яго слоў, вяртаньне да свабоднага цэнаўтварэньня - адна з мер, накіраваная на паляпшэньне ўмоў вядзеньня бізнэсу.

Павел Філіпаў падкрэсьліў, што сытуацыя на валютным і спажывецкім рынках Беларусі стабілізавалася, устаранёны дыспарытэт цэн у сумежных з Расеяй рэгіёнах. „У нас цяпер па спажывецкай карзіне розьніца цаны ніжэйшая больш як на 14% у параўнаньні з Цэнтральнай адміністрацыйнай акругай Расеі. Калі параўноўваць сталіцы дзьвюх дзяржаў, то ў Менску цэны таннейшыя больш як на 20%”, - сказаў начальнік упраўленьня.

Ён нагадаў, што Мінгандаль прадоўжыць рэгуляваць цэны на сацыяльна значныя тавары й алкагольную прадукцыю мацункам звыш 28%.

Як паведамлялася, з 31 сакавіка ў Беларусі адменена забарона на рост розьнічных цэн на тавары ў параўнаньні з цэнамі, якія дзейнічалі на 18 сьнежня 2014 году. Такое рашэньне зьмешчана ў пастанове Савета Міністраў нумар 250, якім унесены зьмяненьні ў пастанову нумар 1207 ад 19 сьнежня 2014 году „Аб некаторых пытаньнях спажывецкага рынку”.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт