Logo Polskiego Radia
Print

Дакладчыка ААН не пускаюць у Беларусь

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 02.02.2015 13:19
Беларускія праваабаронцы сустракацца зь ім па-за межамі краіны.
polish.cri.cn

Сёньня беларускія праваабаронцы сустрэнуцца са спэцыяльным дакладчыкам ААН па пытаньнях становішча з правамі чалавека ў Беларусі Міклашам Харасьці. Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру „Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Харасьці будзе кансультавацца зь беларускімі праваабаронцамі ў межах падрыхтоўкі дакладу пра сытуацыю з правамі чалавека.

Стэфановіч нагадвае, што беларускія ўлады адмаўляюцца супрацоўнічаць з Харасьці й не прызнаюць ягонага мандату спэцдакладчыка ААН.

Спэцдакладчык так ніводнага разу ў Беларусі ня змог пабываць за ўвесь час існаваньня гэтага мандату, каб ацаніць сытуацыю на месцы, у тым ліку шляхам сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў.

„Таму мы вымушаны сустракацца па-за межамі Беларусі”, - канстатуе праваабаронца.

Сустрэча адбудзецца ў Вільні ў Доме правоў чалавека й будзе працягвацца два дні.

Галоўныя тэзісы, якія агучаць падчас гэтых кансультацыяў беларускія праваабаронцы, утрымліваюцца ў дакладзе ПЦ „Вясна” „Сытуацыя з правамі чалавека ў 2014 годзе: тэндэнцыі й ацэнкі”, які апублікаваны на сайце праваабарончага цэнтру. У гэтым дакладзе адзначаецца, што „сытуацыя з выкананьнем правоў чалавека на працягу 2014 году заставалася стабільна цяжкай з тэндэнцыямі да пагаршэньня напрыканцы году”.

„Парушэньні правоў насілі сыстэмны й сыстэматычны характар: асноўныя грамадзянскія й палітычныя правы насілі надзвычай абмежаваны характар, ніякіх сыстэмных зьменаў у галіне выкананьня правоў чалавека (на заканадаўчым узроўні й (ці) на ўзроўні практык) у краіне не адбылося”, - падкрэсьліваецца ў дакумэнце.

З пункту гледжаньня праваабаронцаў, адзіным пазытыўным фактам на працягу 2014 году стала вызваленьне з калёніі паводле закону „Аб амністыі” Алеся Бяляцкага.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт