Адказнасьць за камэнтары на сайце панясе яго ўладальнік
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
20.01.2015 11:01
Улады лічаць сродкамі масавай інфармацыі таксама форумы й блёгі.
Уладальнікі сайтаў будуць несьці адказнасьць за некарэктныя камэнтары карыстальнікаў. Пра гэта заявіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч у час анлайн-канфэрэнцыі на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА. Паводле міністра, калі камэнтар будзе ўтрымліваць абразу канкрэтнага грамадзяніна, гэты чалавек можа падаць у суд на яго аўтара.
Таксама Ананіч расказала пра блякіроўку шэрагу сайтаў:
„У першыя дні новага году ўжо грамадзяне зьвярталіся ў Міністэрства інфармацыі, што на некаторых інтэрнэт-рэсурсах, нягледзячы на ўступленьне ў сілу закона аб СМІ, дэкрэта №6, працягвае распаўсюджвацца інфармацыя, якая спрыяе ня толькі прапагандзе наркатычных сродкаў, але й іх продажу. І сёньня рашэньнем Міністэрства інфармацыі да 5 рэсурсаў абмежаваны доступ.
Раней незалежныя мэдыя-экспэрты адзначалі, што пад выглядам, напрыклад, змаганьня з прапагандай наркотыкаў і гэтак далей улады будуць зачыняць апазыцыйныя інтэрнэт-рэсурсы”, - сказала Ананіч.
На пытаньне, ці лічацца сродкамі масавай інфармацыі форумы й блёгі, Ананіч адказала, што ўсё, што зьмяшчае інтэрнэт-рэсурс, зьяўляецца прадукцыяй СМІ. Адказнасьць за зьмест кантэнту ляжыць на ўладальніках інтэрнэт-рэсурсаў.
belta.by/racyja.com/аз