Самакіраваньне БПЦ пакуль разглядацца ня будзе
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
19.01.2015 11:34
Паводле мітрапаліта Паўла, зараз ад такога абмеркаваньня адна толькі шкода.
nn.by
Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Менскі й Заслаўскі Павел лічыць, што пытаньне аб самакіраваньні царквы павінна быць на нейкі час адкладзенае. Паводле яго, зараз ад такога абмеркаваньня адна толькі шкода.
На гэтую гучную тэму мітрапаліт Павел выказаўся 18 студзеня ў праграме “Контуры” на тэлеканале АНТ.
Нагадаем, што нядаўняя заява царкоўнага сходу Менскай епархіі наконт неабходнасьці самакіраваньня выклікала вялікі розгалас.
Паводле Патрыяршага Экзарха, трэба дакладна разумець, што гаворка ішла не пра аўтакефалію ці нават аўтаномію царквы, а толькі пра яе самакіраваньне. “Зараз у нас у Статуце Экзархата закладзена нават больш, чым трэба для самакіраванай царквы”, - дадаў мітрапаліт.
Сёньня ажыятаж вакол гэтага пытаньня не прынёс нічога, акрамя шкоды, лічыць кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы. Таму ён як Патрыяршы Экзарх вырашыў зьняць пытаньне самакіраваньня з парадку дня.
“Гэтае пытаньне трэба на няпэўны час закрыць. Мы да яго 25-50 гадоў вяртацца ня будзем”, - заявіў мітрапаліт Павел.
euroradio.fm/аз