На затрыманага ў Берасьці актывіста склалі два пратаколы
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        17.01.2015 10:39
                    
                                 
                
                
                    Праваабаронца Раман Кісьляк лічыць затрыманьне актывіста самавольным.
                
                
                    
                        
wiki-Klaus
                     
                
                
                
               
                
                          На затрыманага ў Берасьці 16 студзеня грамадзкага актывіста Андрэя Шарэнду ў міліцыі склалі два пратаколы.
„Мяне затрымалі два супрацоўнікі АМАПа на вуліцы Суворава каля 10.30 у тралейбусе, у якім я ехаў. Яны заявілі, што падобны да чалавека, які ўчыніў правапарушэньне. Затым мяне даставілі ў Маскоўскі РАУС Берасьця”, - паведаміў Шарэнда.
Паводле яго слоў, у міліцыі на яго склалі два пратаколы (за дробнае хуліганства й за парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў) за тое, што ён нібыта расклейваў улёткі з партрэтамі зьніклых у Беларусі палітыкаў і вядомых людзей.
Каля пяці вечара Шарэнду даставілі ў суд Маскоўскага раёна Берасьця, дзе павінны былі разглядаць яго справу за дробнае хуліганства. Пасьля таго як судзьдзя адправіла матэрыялы на дапрацоўку ў Маскоўскі РАУС, актывіста адпусьцілі.
 „Я лічу гэта самавольным затрыманьнем. Такім чынам сілавыя структуры хочуць зьбіць хвалю расклейваньня 16 чысла кожнага месяца на вуліцах горада партрэтаў зьніклых палітыкаў і вядомых людзей”, - заявіў праваабаронца Раман Кісьляк.
БелаПАН/nn.by/аз