Logo Polskiego Radia
Print

З 10 да 15 гадоў павышаецца мінімальны стаж для назначэньня пэнсіі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 09.12.2014 13:57
Гэта мера не распаўсюджваецца на слабаабароненыя катэгорыі грамадзян.
Фота: sxc.hu

У Беларусі з 1 студзеня 2015 году павялічваецца мінімальны стаж работы для назначэннья пэнсіі па ўзросьце й пэнсіі за выслугу гадоў з 10 да 15 гадоў работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Адпаведны ўказ нумар 570 „Аб удасканаленьні пэнсійнага забесьпячэньня” лідар Беларусі падпісаў 8 сьнежня, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Гэта мера не распаўсюджваецца на слабаабароненыя катэгорыі грамадзян, для якіх фарміраваньне працяглага стажу аб'ектыўна ўскладнена (шматдзетныя маці, маці інвалідаў зь дзяцінства, інваліды зь дзяцінства). Для іх захоўваецца мінімальны стаж работы 5 гадоў.

Прадугледжваецца таксама назначэньне сацыяльнай пэнсіі грамадзянам, якія не сфарміравалі мінімальнага працоўнага стажу, неабходнага для назначэньня працоўнай пэнсіі па ўзросьце, не раней дасягненьня ўзросту 65 гадоў для мужчын і 60 гадоў для жанчын. Пры гэтым дзеючыя нормы назначэньня сацыяльных пэнсій захоўваюцца для сацыяльна слабаабароненых катэгорый грамадзян - дзяцей-інвалідаў, інвалідаў, у тым ліку інвалідаў зь дзяцінства, дзяцей, якія страцілі карміцеля.

Дакумэнтам прадугледжваецца з 1 студзеня 2015 году для вылічэньня пэнсіі па ўзросьце за кожны поўны год стажу работы звыш 35 гадоў у мужчын і 30 гадоў у жанчын павелічэньне пэнсіі на 1% сярэднямесячнага заработку, але ня менш чым на 0,7% сярэдняй заработнай платы работнікаў у краіне, што прымяняецца для карэкціроўкі фактычнага заработку пэнсіянера.

З 1 студзеня 2016 году пэнсіі асобам, якія дасягнулі пэнсійнага ўзросту, павялічваюцца на 0,1%, 0,2%, 0,3%, 0,4%, 0,5% сярэднямесячнага заработку адпаведна за кожны год стажу работы звыш 40 гадоў па 45-ы год уключна ў мужчын і звыш 35 гадоў па 40-ы год уключна ў жанчын.

Гранічная велічыня сярэдняй заработнай платы, што ўлічваецца пры вылічэньні пэнсіі асобам, якія маюць стаж работы 36 гадоў і больш у мужчын і 31 год і больш у жанчын, павялічваецца да пяцікратнай.

Пры вылічэньні працоўнай пэнсіі ўводзіцца абавязковае прымяненьне даных аб заработнай плаце, зафіксаваных у сыстэме пэрсаніфікаванага ўліку плацельшчыкаў і ўзносаў.

Павялічваецца гранічная велічыня сярэдняй заработнай платы з чатырохкратнай да пяцікратнай для выплаты абавязковых страхавых узносаў у дзяржаўны пазабюджэтны фонд сацыяльнай абароны насельніцтва для работадаўцаў і працуючых грамадзян.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт