Беларусь закрывае сваё дыппрадстаўніцтва ў Лібіі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
09.12.2014 11:06
Цяпер беларусы павінны зьвяртацца ў дыппрадстаўніцтвы РБ у суседніх краінах.
Беларусь закрывае сваё дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Лібіі. Аб гэтым гаворыцца ў пастанове Саўміна нумар 1137 ад 4 сьнежня 2014 году, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.
У дакумэнце гаворыцца, што пасольства павінна быць закрыта да 31 сьнежня гэтага году. „Міністэрству замежных спраў прыняць неабходныя меры па закрыцьці пасольства Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Лібія з ажыцьцяўленьнем фінансаваньня расходаў па яго закрыцьці ў межах сродкаў, прадугледжаных на ўтрыманьне гэтай загранустановы”, - гаворыцца ў пастанове.
Таксама пацьвярджаецца ануляваньне пастановы Саўміна нумар 1530 ад 5 кастрычніка 2000 году аб адкрыцьці беларускага пасольства ў Лібіі.
Як растлумачылі ў МЗС Беларусі, у сувязі з эскаляцыяй унутранага ўзброенага канфлікту ў Лібіі беларускае пасольства ў Трыпалі не функцыянуе. Грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў гэтай краіне, у выпадку неабходнасьці трэба зьвяртацца ў бліжэйшыя дыпляматычныя й консульскія ўстановы Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі ў суседніх краінах.
belta.by/аз