Logo Polskiego Radia
Print

Расьсельгаснагляд ізноў бярэцца кантраляваць беларусаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.11.2014 13:42
Расейскі бок прапанаваў правесьці сумесную ацэнку дзейнасьці беларускіх лябараторый і навуковых устаноў на прадмет кваліфікацыі спэцыялістаў, аснашчанасьці абсталяваньнем і методык.

На перамовах у Маскве расейскі бок прапанаваў правесьці сумесную ацэнку дзейнасьці беларускіх лябараторый і навуковых устаноў на прадмет кваліфікацыі спэцыялістаў, аснашчанасьці абсталяваньнем і методык, паведаміў Расьсельгаснагляд.

Перамовы па праблемах паставак беларускай прадукцыі адбыліся 26 лістапада.

Як паведамляе Расьсельгаснагляд, расейскі бок выказаў "сур'ёзную занепакоенасьць неабходнасьцю ўвядзеньня мер абмежавальнага характару да беларускіх прадпрыемстваў, якія пастаўляюць жывёлагадоўчую прадукцыю ў Расею". Аднак, паводле слоў расейскіх перамоўшчыкаў, такія меры абумоўленыя выяўленьнем парушэньняў вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў РФ і Мытнага саюза пры правядзеньні лябараторных дасьледаваньняў беларускай прадукцыі.

"Сытуацыю ўскладняе і тое, што многія беларускія прадпрыемствы працуюць з імпартнай сыравінай, якая магла пастаўляцца з праблемных па захворваньні рэгіёнаў суседніх краін", — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.

Таксама беларускім калегам прапанавана выкарыстоўваць распрацаваную Расьсельгаснаглядам сыстэму раньняга інфармаваньня і праграму "Веста", якая здольная зрабіць усе дзеяньні лябараторнага комплексу празрыстымі", — паведамляе Расьсельгаснагляд.

Са свайго боку намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Ігар Брыло адзначыў, што пасьля ўвядзеньня абмежаваньняў на пастаўкі прадукцыі з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў малочная і птушкагадоўчая галіны краіны панесьлі істотныя страты.

Нагадаем, у лістападзе Расія ўвяла забарону на ўвоз мясной і малочнай прадукцыі 17 беларускіх прадпрыемстваў. Як паведаміў Расьсельгаснагляд, забарона ўведзеная "ў сувязі зь недапушчальным узроўнем утрыманьня антыбіётыкаў, а таксама сальманелы і кішэчных палачак у прадукцыі гэтых прадпрыемстваў". Акрамя таго, уведзеная забарона на прадукцыю Слуцкага мясакамбіната ў сувязі з выяўленьнем у каўбасе геному віруса АЧС.

яс/БелаПАН

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт