Logo Polskiego Radia
Print

„ЭНЭФ” плянуе пастаўляць камплектуючыя для прадукцыі „Stadler”

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.11.2014 13:51
Аб гэтым паведаміла дырэктар прадпрыемства Натальля Галота.

ААТ „ЭНЭФ” разьлічвае на супрацоўніцтва з заводамі „Stadler”. Аб гэтым паведаміла дырэктар прадпрыемства Натальля Галота.

Як янa растлумачыла, гэта тэма ўжо абмяркоўвалася на сустрэчы з генэральным дырэктарам швейцарскай кампаніі „Stadler Rail Group” Пэтэрам Шпулерам. Размова ішла аб наладжваньні супрацоўніцтва з заводам „Штадлер Менск” у Фаніпалі Дзяржынскага раёна, а ў будучым - зь іншымі заводамі ў Эўрапейскім рэгіёне, дзе выпускаецца прадукцыя пад маркай „Stadler”.

„Наша электроніка выкарыстоўваецца ў электрапаяздах „Сапсан”, распрацаваных кампаніяй „Siemens” спэцыяльна для расейскага рынку. Яна была пратэставана й пасьпяхова працуе ў гэтых паяздах, таму нашаму заводу ў гэтым пляне ёсьць што прапанаваць, - адзначыла Натальля Галота.

Акрамя таго, ААТ „ЭНЭФ” зацікаўлена ў пастаўцы камплектуючых для вагонаў мэтро. Не выключана, што ў будучым „Stadler Rail Group” створыць у Беларусі адпаведную вытворчасьць.

ААТ „ЭНЭФ” заснавана ў 1991 годзе. Сёньня ў прадпрыемства 17 акцыянэраў зь Беларусі, Расеі й Нідэрляндаў. Прадпрыемства выпускае больш за 260 мадыфікацый электронных пускарэгулюючых апаратаў (АПРА) для рознага віду лямпаў. Гэтыя вырабы, між іншым, выкарыстоўваюцца пры вытворчасьці тэхнікі на беларускіх заводах, у прыватнасьці, у ААТ „Менскі аўтамабільны завод”, ЗАТ „Атлант”, а таксама замежных прадпрыемствах.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт