Рашэньне ў справе Алены Танкачовай будзе абвешчана а 16-й гадзіне
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
05.11.2014 13:03
7 тысяч чалавек падпісалі хадайніцтвы ў падтрымку праваабаронцы Алены Танкачовай.
Прыняцьце рашэньня наконт дэпартацыі праваабаронцы Алены Танкачовай было прызначанае на 12 гадзінаў 5 лістапада. Каля чатырох дзясяткаў чалавек, сярод якіх былыя палітвязьні, грамадзкія дзеячы, праваабаронцы, сабраліся каля будынку Першамайскага РУУС, каб падтрымаць Танкачову.
Кіраўнік аддзелу па грамадзянстве й міграцыі Першамайскага РУУС разгледзеў пытаньне аб задавальненьні хадайніцтваў не прымаць рашэньня аб высылцы. Пад такімі хадайніцтвамі падпісалася каля 7 тысяч чалавек.
Спачатку прызнаваць іх адмаўляліся, спасылаючыся на неадпаведнае афармленьне. Урэшце ўсё ж пастанавілі далучыць хадайніцтвы да справы.
Усе прысутныя каля будынку Першамайскага РУУС напісалі калектыўную заяву з просьбай не прымаць рашэньня аб дэпартацыі Танкачовай. Заяву меркавалася падаць у выпадку, калі аддзел па грамадзянстве й міграцыі адмовіцца задаволіць хадайніцтвы.
Рашэньне ў справе аб дэпартацыі Алены Танкачовай будзе абвешчана а 16-й гадзіне.
Вядомай праваабаронцы Алене Танкачовай, якая ўжо 30 гадоў жыве ў Беларусі, анулявалі від на жыхарства, а 5 лістапада будзе разгледжанае пытаньне аб высылцы яе з краіны.
Кіраўніцтва „Цэнтру прававой трансфармацыі” заклікала беларускіх грамадзян зьвяртацца ў дзяржаўныя структуры з просьбай прыняць рашэньне на карысьць Алены Танкачовай.
svaboda.org/аз