Мінадукацыі не падтрымала прапановы „балёнскай заявы”
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
11.10.2014 13:18
Актывісты будуць зьвяртацца ў парлямэнт.
Мінадукацыі не падтрымала прапановы „балёнскай заявы”. Гэта вынікае з адказу ведамства, які атрымалі на свой зварот берасьцейскія актывісты.
Нагадаем, што адукацыйную праграму „Балёнскі працэс і Беларусь” рэалізуе агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця „Дзедзіч”. Сярод патрабаваньняў: магчымасьць абіраць рэктара калегіяльным органам унівэрсытэта й непасрэдны ўдзел студэнтаў у кіраваньні сваёй навучальнай установай. Агучаныя зьмены ў сыстэме вышэйшай адукацыі зьяўляюцца ўмовай далучэньня Беларусі ў 2015 годзе да Балёнскага працэсу. Пад „балёнскай заявай” берасьцейцы сабралі больш за 1000 подпісаў.
На ліст зь Міністэрства адукацыі актывістам давялося чакаць больш за 3 месяцы.
„Адказ, на наш погляд, зьяўляецца фармальным. У ім пазначана, што пытаньне ўступленьня Беларусі ў Балёнскі працэс ужо было разьгледжана падчас прыняцьця Кодексу аб адукацыі. І на дадзены момант ніякіх абмеркаваньняў і па абраньні рэктара, і па студэнцкім самакіраваньні не плянуецца”, - тлумачыць каардынатар кампаніі Ўладзімір Красько.
Ён дадае, што чыноўнікі зь міністэрства параілі зьвярнуцца да дэпутата Палаты прадстаўнікоў, каб той агучыў іх прапановы ў парлямэнце.
Актывісты зьбіраюцца скарыстацца гэтай магчымасьцю, і ўжо рыхтуюць адпаведны зварот да берасьцейскага прадстаўніка ніжняй палаты парлямэнту
euroradio.fm/аз